Вялікая дыктоўка па беларускай мове – 2026 у БДМУ
Шаноўныя сябры!
Кафедра беларускай і рускай моў рада запрасіць вас на Вялікую дыктоўку па беларускай мове, якая адбудзецца 19 лютага ў 13:30 (аўдыторыя 104 практыка-арыентаванага корпуса). Мерапрыемства прысвечана надыходзячаму Міжнароднаму дню роднай мовы і накіравана на выхаванне пачуцця прыналежнасці да роднай зямлі і пашаны да роднага слова.
Дыктоўка праводзіцца штогод на кафедры як культурна-асветніцкая акцыя ў рамках Тыдня беларускай мовы і культуры. Праграма Тыдня (16.02–20.02.2026) уключае конкурс віншавальных паштовак “Ад усяго сэрца!”, конкурс аўтарскай паэзіі “Голас верша”, дыялогавую пляцоўку “Чыстае слова. Чыстая мова. Чыстая душа”, інтэрактыўнае даследаванне “Народны каляндар – калыска прыродазнаўства”, лінгвістычныя гульні (“Словы пра словы”, “Чаму мы так гаворым?”), фальклорную гадзіну “Энцыклапедыя народнай мудрасці”, а таксама навукова-метадычны семінар для выкладчыкаў “Пытанні выкладання беларускай мовы ў негуманітарных ВНУ”.
Нягледзячы на імклівае развіцце тэхналогій, сучасны чалавек не можа існаваць без духоўнай падтрымкі, без мастацтва, без сваёй роднай мовы – без Радзімы. Распрацаваныя мерапрыемствы накіраваны на заахвочванне найперш нашых студэнтаў натхняцца беларускімі духоўнымі скарбамі, праяўляць свае творчыя здольнасці, развіваць моўны патэнцыял, узрошчваць пачуццё патрыятызму, удзячнасці і адданасці сваёй зямлі.
Яшчэ ёсць час падрыхтавацца да праверкі сваіх арфаграфічных, граматычных, пунктуацыйных ведаў па беларускай мове. Чакаем усіх жадаючых на чароўным спатканні з роднай мовай!