Тыдзень беларускай мовы і культуры – 2025

Тыдзень беларускай мовы і культуры – 2025

У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце адбылася традыцыйная падзея – Тыдзень беларускай мовы і культуры.

З 17 па 21 лютага студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта мелі магчымасць прыняць удзел у прапанаваных мерапрыемствах і атрымаць асалоду ад гучання роднага слова.

У рамках Тыдня прайшлі творчыя сустрэчы, віктарыны, інтэрактыўныя акцыі і многія іншыя выхаваўчыя мерапрыемствы.

 Любімае слова.jpgВіктарына.jpg

На кафедры беларускай і рускай моў была арганізавана фотавыстава “На мове фотаздымкаў. Беларусь”. Маляўнічымі краявідамі нашай Радзімы падзяліліся айчынныя студэнты, выкладчыкі кафедры і супрацоўнікі ўніверсітэта. Усе жадаючыя змогуць наведаць выставу яшчэ на працягу некалькіх тыдняў.

Акрамя работы са студэнтамі, на кафедры адбыўся і навукова-метадычны семінар для выкладчыкаў “Пытанні выкладання беларускай мовы ў негуманітарных ВНУ”, дзе абмяркоўваліся шляхі і сродкі найбольш паспяховага выкладання беларускай мовы – асабліва дысцыпліны “Беларуская мова: прафесійная лексіка” – для сучасных студэнтаў.

Завяршэннем Тыдня стала культурна-адукацыйная акцыя “Вялікая дыктоўка па беларускай мове”, якая адбылася 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы. Магчымасць напісаць дыктоўку была прадстаўлена нашым студэнтам, курсантам і ўсім супрацоўнікам універсітэта. Для ўдзельнікаў была створана цёплая атмасфера, дзе гучала пявучая і лагодная родная мова.

З прывітальным словам выступіў прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Дзяніс Анатольевіч Чарноў. Ён звярнуў увагу на мяккасць і пяшчоту беларускай мовы, чуючы якую, мы быццам вяртаемся ў дзяцінства, да нашых продкаў. Акрамя таго, прарэктар падкрэсліў рэальную неабходнасць у зберажэнні роднай мовы, бо яна жыве ў сэрцы, з’яўляецца адлюстраваннем нашай сапраўднай сутнасці, захоўвае векавыя традыцыі класікаў, дазваляе адчуваць сябе сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны.

Дыктоўка_Чарноў.JPG

Загадчык кафедры беларускай і рускай моў, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Таццяна Мікалаеўна Мельнікава павіншавала прысутных і прывяла цудоўныя прыклады, наколькі моцна родная мова мяняе чалавечую сутнасць, дапамагае раскрываць свае таленты і адчуваць цесную сувязь са сваёй радзімай.

Дыктоўка Мельнікава 2.jpg

Чытанне тэксту было даручана загадчыку секцыі беларускай мовы, дацэнту кафедры беларускай і рускай моў, кандыдату філалагічных навук Алесі Анатольеўне Носік.

Дыктоўка_Носік.JPG

Найлепшы вынік у напісанні дыктоўкі паказалі старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў Людміла Міхайлаўна Дрэмезава, вядучы бухгалтар бухгалтэрыі Алена Аляксандраўна Шэвялевіч, курсанты Дамініка Стурава (група 4102) і Анастасія Паўлоўская (група 4103), дапусціўшы па 1–2 нягрубыя памылкі.

Праведзеныя мерапрыемствы прадэманстравалі шчырую любоў нашых грамадзян да роднай мовы, роднай зямлі, да нашай дзяржавы. Кафедра выражае падзяку ўсім, хто прыняў удзел у нашых мерапрыемствах, і асабіста прарэктару па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Дзянісу Анатольевічу Чарнову за садзейнічанне, падтрымку і актыўны ўдзел у культурна-адукацыйных мерапрыемствах. Віншуем і чакаем усіх на свята ў наступным годзе!

Алеся Носік, загадчык секцыі беларускай мовы кафедры беларускай і рускай моў БДМУ, фотаздымкі прадастаўлены аўтарам