Мова майго краю: Тыдзень беларускай мовы і культуры ў БДМУ
З 16 па 20 лютага 2026 года ў БДМУ прайшоў Тыдзень беларускай мовы і культуры – традыцыйная падзея, прысвечаная надыходзячаму Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага.
Кафедрай беларускай і рускай моў універсітэта быў праведзены шэраг культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, якія дазволілі студэнтам і супрацоўнікам рознымі спосабамі дакрануцца да духоўных скарбаў роднай зямлі, ганарыцца сваім народам і бясконца замілоўвацца сваёй нацыянальнай мовай.
Студэнты з цікавасцю і імпэтам прымалі ўдзел у віктарынах “Словы пра словы” і “Чаму мы так гаворым?” і дэманстравалі глыбокія веды па гісторыі, этнаграфіі, мове і культуры Беларусі, актыўна выказваліся і нават дыскутавалі на дыялогавай пляцоўцы “Чыстае слова. Чыстая мова. Чыстая душа”, дзяліліся сваімі ведамі народных традыцый падчас фальклорнай гадзіны “Энцыклапедыя народнай мудрасці” і інтэрактыўнага даследавання “Народны каляндар – калыска прыродазнаўства”.
Безумоўна, у план Тыдня былі ўключаны мерапрыемствы, мэтай якіх было даць магчымасць нашым студэнтам раскрыць свае творчыя здольнасці і таленты. Так, конкурс аўтарскай паэзіі “Голас верша” дапамог маладым паэтам-медыкам выказаць пачуцці і думкі пра родную мову і свой край у рыфмаваных радках, лепшыя з якіх будуць надрукаваны ў газеце “Веснік БДМУ”. Выстава віншавальных паштовак “Ад усяго сэрца!”, падрыхтаваная нашымі студэнтамі да Дня роднай мовы, стварыла на кафедры асаблівы настрой не толькі для выкладчыкаў і айчынных навучэнцаў, але і прыцягнула ўвагу замежных. Мы ўпэўнены, што такія мерапрыемствы – гэта не толькі шанс праявіць свае таленты і атрымаць прызнанне, але і магчымасць знайсці аднадумцаў, натхніцца новымі ідэямі і, магчыма, набыць новых сяброў.

Кульмінацыйная падзея Тыдня – Вялікая дыктоўка па беларускай мове – адбылася 19 лютага. Урачыстым пачаткам мерапрыемства стала віншаванне з Днём роднай мовы ад рэктара, прарэктараў, кіраўнікоў структурных падраздзяленняў універсітэта і ўсіх студэнтаў радкамі класікаў у відэафармаце. Адкрыў Вялікую дыктоўку – 2026 прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Д.А. Чарноў. Ва ўступным слове ён адзначыў унікальную прыгажосць роднай мовы і яе чароўны ўплыў на кожнага чалавека, а таксама падкрэсліў абавязковае ўжыванне беларускай мовы ў дакументах дзяржаўнага значэння. Загадчык кафедры беларускай і рускай моў кандыдат філалагічных навук, дацэнт Т.М. Мельнікава павіншавала аўдыторыю з надыходзячым святам, пажадала поспехаў у напісанні дыктоўкі і звярнула увагу, што “мова – гэта падарунак маці з калыскі і самацветаў яскравая нізка”. Дыктоўку правяла загадчык секцыі беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Носік А.А. У яе напісанні прынялі ўдзел курсанты 1 курса ваенна-медыцынскага інстытута, студэнты 1 курса стаматалагічнага факультэта і 2 курса медыка-прафілактычнага факультэта, а таксама супрацоўнікі структурных падраздзяленняў нашага ўніверсітэта.
Завяршэннем калейдаскопа мерапрыемстваў Тыдня стаў Навукова-метадычны семінар для выкладчыкаў “Пытанні выкладання беларускай мовы ў негуманітарных вышэйшых установах адукацыі”, які прайшоў 20 лютага на кафедры беларускай і рускай моў. На семiнары былi закрануты пытанні эфектыўных методык выкладання беларускай мовы ў вышэйшых навучальных установах Рэспублiкi Беларусь.
Усе мерапрыемствы і акцыі поўніліся пяшчотай і любоўю да роднай мовы, праз якія яркай стужкай праходзіла думка, што Тыдзень беларускай мовы і культуры – гэта сапраўднае свята любові да роднай мовы і сваіх каранёў.
Віншуем вас, сябры, са святам роднай мовы! Дзякуем усім, хто прыняў удзел у яго арганізацыі і правядзенні!
Алеся Носік, загадчык секцыі беларускай мовы кафедры беларускай і рускай моў.
Алена Качан, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў.