Экскурсія ў музей
Слухачы групы 5104 падрыхтоўчага аддзялення, наведалі Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей нашага славутага суайчынніка Якуба Коласа.
Музей знаходіцца ў самым цэнтры сталіцы, недалёка ад перакрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Акадэмічнай. Экскурсія была арганізавана нашым выкладчыкам беларускай мовы Клімавец Вольгай Паўлаўнай.
З першых хвілін знаходжання ў сядзібе нас ахапіла здзіўленне: мы дакрануліся да жыцця і творчасці чалавека - выразніка дум і спадзяванняў беларускага народа.
Экскурсавод расказвала гісторыю дома, дзе знаходзіцца музей. Там на самай справе жыў Якуб Колас з сям’ёй, там ён і памёр за пісьмовым сталом… За агароджай музея стаіць гэтакі ж самы дом, дзе жывуць нашчадкі пісьменніка.
Усё было незвычайным і надзвычай урачыстым. Мы нават (кожны асобна, бо гэта гучала праз слухаўку тэлефона) пачулі голас вялікага гуманіста і патрыёта нашай зямлі.
Знаёмства з побытам і творчасцю класіка дапамагло лепш зразумець прыгажосць роднага слова. Дадому ўсе вярталіся с пачуццём культурнага ўзбагачэння.