Нашыя вядомыя землякі
2022 год абвешчаны ў Беларусі Годам гістарычнай памяці. Гістарычная памяць, як і гонар за свой народ і дзяржаву, павінна быць у чалавека, грамадзяніна заўсёды. У гэтых мэтах выкладчыкі кафедры эпідэміялогіі БДМУ Юрый Кузьмянкоў і Інэса Раеўская абралі адзін з напрамкаў патрыятычнага выхавання – «Знакамітыя ўраджэнцы Беларусі». 4 красавіка студэнты 3305 і 3306 груп медыка-прафілактычнага факультэта азнаёміліся з заслугамі перад Айчынай аднаго з выдатных дзеячаў нашай дзяржавы Льва Сапегi.
У гістарычныя дакументы трапляюць сведчанні відавочцаў, можа, удзельнікаў вядомых і малавядомых падзей, а хто ж быў лідэрам? Мы больш памятаем нядаўнія і адносна нядаўнія падзеі, а што ж рабілася раней? Хто ўславіў нашу Айчыну?
Адзін з такіх лідэраў – Леў Сапега (1557–1633), вядомы дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага княства Літоўскога і Рэчы Паспалітай, мысляр, дыпламат, мецэнат.
Ён нарадзіўся 4 красавіка 1557 года ў маёнтку Астроўна (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці). Паходзіў з магнацкага роду Сапегаў, старэйшы сын старасты дарагічынскага і падстарасты аршанскага Івана Сапегi і Багданы Друцкай-Сакалінскай. Сваю адукацыю пачаў у 7-гадовым узросце ў нясвіжскім маёнтку Мікалая Радзівіла Чорнага, у 1570 годзе працягнуў навучанне ў Лейпцыгскім універсітэце. У 1573 годзе вярнуўся на радзіму.
З 1580 года пачынаецца дзяржаўная служба Льва Сапегi. У 1581-м ён быў прызначаны пісарам пры каралі Рэчы Паспалітай Стэфане Баторыі, затым падканцлерам (c 1585 по 1589 гады) і вялікім канцлерам Вялікага княства Літоўскага (с 1589 по 1623 гады).
Леў Сапега ва возрасце 70 гадоў дасягнуў найвышэйшай пасады ў Вялікім княстве Літоўскім – вялікага гетмана, г. з. ваеннага міністра і галоўнакамандуючага войскамі. Дадзеная пасада дазваляла прымаць рашэнні, не ўзгадняючы іх з каралём польскім і вялікім князем літоўскім.
Сапега быў таксама паслом у Маскве, дзе з-за смерці Івана Грознага яму даводзіцца мець справу з новым царом Фёдарам Іванавічам. Нягледзячы на змену кіраўніка ў Маскве, у Сапегі атрымліваецца пацвердзіць мірную дамову і вызваліць з палону 900 сваіх суайчыннікаў. За вызваленне дыпламатам падданых Літоўскай кароны быў ўзнагароджаны Стэфанам Баторыям пасадай падканцлера ВКЛ і пажыццёвым староствам у горадзе Слоніме, які з таго часу стаў галоўнай рэзідэнцыяй Льва Сапегі.
Сапега рабіў спробы стварыць адзіную дзяржаву з Масковіяй. Яшчэ ў 1587 годзе пасля нечаканай смерці Стэфана Баторыя ён падтрымаў кандыдатуру маскоўскага цара Фёдара Іаанавіча ў барацьбе за пасаду караля Рэчы Паспалітай.
У адноўленай Лівонскай вайне Рэчы Паспалітай і Маскоўскага царства Леў Сапега ўдзельнічаў на чале ўласнай харугвы – воінскага атрада, праявіўшы сябе падчас аблогі Вялікіх Лук і Пскова. У 1617 годзе Леў Сапега арганізаваў чарговы паход на Маскву, а ў 1618 годзе ён паставіў свой подпіс пад Дэвулінскім замірэннем, па якім да ВКЛ адыходзілі гарады Смаленск, Дарагабуж, Старадуб, Чарнігаў, Невель, Ноўгарад-Северскі і іншыя.
Будучы падканцлерам Леў Сапега пад кіраўніцтвам вышэйшага саноўніка дзяржавы, таксама беларуса па паходжанні, канцлера Астафія Валовіча распрацаваў ІІІ Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года, які з поўнай падставай трэба адносіць да выдатных помнікаў прававой, літаратурнай і моўнай культуры беларусаў. У адпаведнасці з ім іншаземцам забаранялася валодаць землямі, атрымліваць дзяржаўныя, духоўныя і свецкія пасады ў ВКЛ. Толькі ўраджэнцы Вялікага княства Літоўскага мелі права займаць любыя дзяржаўныя пасады.
Дзяржаўнай мовай на ўсёй тэрыторыі княства статут усталёўваў беларускую. Сам факт выдання дакумента на беларускай мове сведчыць пра нацыянальна-культурную арыентацыю поглядаў Сапегі.
Займаючы пасаду вялікага канцлера, Сапега ў 1594 годзе наладзіў працу сваёй канцылярыі і загадаў перапісаць кнігі Літоўскай метрыкі, каб захаваць і ўпарадкаваць архіўныя дакументы 15–16 стагоддзяў, якія ўвайшлі ў
600 найкаштоўнейшых тамоў нашай гісторыі. У многім дзякуючы гэтаму ў сучасных беларускіх і замежных музеях і бібліятэках захаваліся першакрыніцы, якія адлюстроўваюць беларуска-літоўскую гісторыю ў драбнюткіх дэталях.
Выключныя асабістыя здольнасці і шматгранныя веды дазволілі Льву Сапезе займаць значныя пасады ў ВКЛ, у тым ліку быць Віленскім, Магілёўскім, Слонімскім, Мядзельскім старастам.
Леў Сапега вядомы як мецэнат, ён быў фундатарам 24 храмаў. Будуючы палацы, цэрквы, манастыры, зрабіў вялікі ўклад у архітэктурнае мастацтва і спадчыну сваёй радзімы. Засноўваючы пры кляштарах школы, садзейнічаў адукацыі і асвеце ў краіне.
Для галоўнага алтара касцёла святога Міхала Арханёла і кляштара бэрнардынак у Вільні ахвяраваў старажытны абраз Божай Маці («Мадонна Сапегаў»). Прах вялікага гетмана быў пахаваны ў гэтым касцёле.
Леў Сапега быў ініцыятарам узвядзення аднаго з найбуйнейшых палацавых комплексаў у Беларусі ў Ружанах, які быў рэзідэнцыяй Сапегаў у XVII–XVIII стагоддзях. Гэта было найвялікшае архітэктурнае збудаванне, якое называлі беларускім Версалем.
У Лепелі, якім Леў Сапега валодаў з 1586 года, яму ўсталяваны помнік, у Астроўна, на малой радзіме, – памятны камень.
Юрый Кузьмянкоў, Інэса Раеўская, старшыя выкладчыкі кафедры эпідэміялогіі, фота Д. Кукара і з адкрытых крыніц