Сталічныя ўлады шукаюць новыя падыходы да барацьбы з наркотыкамі

Плакаты «Не» наркотыкам», якія дзе-нідзе можна ўбачыць на гарадскіх вуліцах, ужо добра-такі набілі аскому. Агітацыя і афіцыйныя паведамленні, сацыяльная рэклама, этыкеткі на пачках цыгарэт — у змаганні з наркатычнай навалай, якая захапіла беларускую моладзь, гэта ўсё неэфектыўна. Што рабіць, каб грамадства (і ў першую чаргу маладыя людзі) усвядоміла, што наркотыкі — зло, якое вынішчае генафонд нацыі, вырашалі на выязным пасяджэнні Мінгарвыканкама.

17-26

Праходзіла пасяджэнне ў актавай зале Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, і месца гэта было выбрана недарэмна: больш за 80% пацыентаў яе таксікалагічнага аддзялення — курыльшчыкі спайсаў.

Ужо шмат гадоў у сталіцы, ды і па ўсёй краіне, на розных узроўнях робяцца шматлікія захады, каб спыніць распаўсюджванне наркотыкаў. У кожным раёне горада праходзяць інфармацыйна-адукацыйныя сустрэчы, прафілактычныя заняткі ва ўстановах адукацыі, рэалізуюцца праекты, скіраваныя на барацьбу з наркотыкамі, дэманструюцца дакументальныя фільмы ў кінатэатрах. Але наўрад ці можна назваць усе гэтыя крокі дзейснымі, хаця б таму, што няўмольная статыстыка сведчыць: цягам апошніх 25 гадоў колькасць хворых на наркаманію ў краіне і сталіцы толькі павялічваецца.

Як адзначыў загадчык аддзела наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя, дацэнт кафедры псіхіятрыі БДМУ Андрэй КАПЫТАЎ, першаснымі прычынамі наркаспажывання сярод сучаснай моладзі з'яўляюцца не столькі сацыяльныя, колькі псіхалагічныя фактары. Падлеткі і студэнты прыходзяць да наркотыкаў праз дэпрэсіі, адчуванне трывогі, няўпэўненасці, а таксама вучэбную загружанасць. На думку нарколага, найбольш важнае месца ў змаганні з наркотыкамі павінна займаць прафілактыка, якую трэба праводзіць у мэтавых групах. На яе мусіць быць накіраваная нацыянальная палітыка і асвета. Доктар мяркуе, што найбольшы эфект у гэтым плане займеюць псіха-сексуальнае развіццё дзяцей, культура міжасабовых адносінаў, навыкі па тэхналогіі зносін і спосабах пераадолення стрэсу. Таксама выправіць становішча дапамогуць валанцёрскія рухі, сацыяльныя службы, моладзевыя арганізацыі, якія ў пастаянным рэжыме будуць праводзіць антынаркатычныя матывацыйныя акцыі.

Тое, што робіцца шмат, але разрознена, адзначыў і старшыня Мінгарвыканкама Андрэй ШОРАЦ.

«Вынікі нашай працы фіксуюцца на паперы, але — мы сёння наведвалі рэанімацыю — як ішла плынь атручвання спайсамі, так і ідзе», — сказаў ён. Старшыня Мінгарвыканкама перакананы, што патрэбны новы віток па рабоце з моладдзю, каб апошняя сама разумела шкоду, якую нясуць наркотыкі.

У сувязі з гэтым начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Павел СКАЛАБАН прапанаваў стварыць студэнцкія валанцёрскія і медыцынскія атрады, якія будуць працаваць у бальніцах і рэабілітацыйных цэнтрах, праводзіць прафілактычную работу і агітаваць за здаровы лад жыцця.

На пасяджэнні востра прагучала пытанне пра тое, што сёння келіх піва больш даступны для падлетка, чым абанемент у спартыўную залу. Было выказана меркаванне, што спартыўныя секцыі для дзяцей павінны быць калі не бясплатнымі, то хаця б па кішэні.

У прывязцы да занятасці моладзі спрэчкі разгарэліся вакол працаўладкавання. Як адзначалі многія прысутныя на сустрэчы спецыялісты, працадаўцы сёння неахвотна бяруць у калектывы 16—17-гадовых, бо для іх неабходна арганізаваць асобыя ўмовы працы, скарочаны рабочы дзень. У выніку моладзь часта застаецца прадастаўленай сама сабе. Да таго ж, паводле заканадаўства, уладкоўвацца на працу малады чалавек можа з 16 гадоў, у той час як адказнасць за спайсы ў нас прадугледжана з 14-гадовага ўзросту.

Па выніках пасяджэння, заслухаўшы выступленні экспертаў і меркаванні дэпутатаў, Андрэй Шорац даручыў прадаставіць яму прапановы па супрацьстаянні наркотыкам да гэтай серады.

Дзіяна СЕРАДЗЮК
Звязда, 17 лютага 2015