«Як ты дорага мне, мая родная мова!»

У адпаведнасці з Планам мерапрыемстваў Тыдня роднай мовы, распрацаваным Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, з 19 па 23 верасня кафедрай беларускай і рускай моў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта былі праведзены мерапрыемствы, прасякнутыя ідэяй адзінства беларускага народа. Кожнае з іх стала гучным напамінам аб важнасці беларускай мовы для нашай нацыі.

Напярэдадні тыдня 16 верасня адбыўся агульнарэспубліканскі дыктант, прымеркаваны да Дня народнага адзінства, з удзелам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. У мерапрыесмстве прынялі ўдзел студэнты 1-га курса фармацэўтычнага і педыятрычнага факультэтаў.

Падзяліцца ўсім багаццем роднай мовы прадставілася магчымасць
19 верасня ў рамках акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”. На працягу дня студэнты і выкладчыкі вялі гутаркі на перапынках і камунікавалі на занятках на беларускай мове.

У гэты ж дзень свае самыя шчырыя словы ў адрас беларускай мовы студэнты выказалі падчас стварэння і прэзентацыі віншавальных паштовак “Пажаданні роднай мове”.

Іншым студэнтам было прапанавана паўдзельнічаць у стварэнні інтэрактыўнага воблака слоў “Маё любімае слова па-беларуску”, дзе некаторыя нават праілюстравалі сваё слова малюнкам-асацыяцыяй.

Нельга ўявіць сучасную беларускую літаратурную мову без яе асновы – вуснай народнай творчасці. Трапныя прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы, прыметы, прымхліцы, калыханкі, легенды і паданні – усё гэта гучала падчас квэст-гульні “Фальклор, фальклор – душа народа”. Цікавыя конкурсы і заданні стварылі атмасферу казачных прыгод, дзе кожны імкнуўся праявіць свой талент і прадэманстраваць веданне народнай творчасці.

Лірычным настроем 21 верасня падзяліліся ўдзельнікі конкурсу пісьмовых работ, прысвечаных беларускай мове, “За што я люблю родную зямлю”.

Напрыканцы Тыдня роднай мовы 23 верасня была арганізавана прэзентацыя навукова-даследчых работ загадчыка секцыі беларускай мовы кафедры беларускай і рускай моў старшага выкладчыка Алесі Анатольеўны Носік і студэнтаў 1–2 курсаў розных гадоў “Родная мова – мова навукі”.

Узорная навуковая мова, разнастайныя тэмы і накірункі даследаванняў, змястоўныя работы і прэзентацыі сталі прыкладам і натхненнем для маладога пакалення студэнтаў на далейшае ўдасканаленне і рэалізацыю роднай мовы ў навуковай сферы.

Алеся Носік, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў БДМУ, фота х архіва кафедры