Тыдзень беларускай мовы і культуры ў БДМУ.

Тыдзень беларускай мовы

У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце ў чарговы раз прайшоў Тыдзень беларускай мовы і культуры. Штогадовае правядзенне яго азначае, што наша ВНУ – гэта месца, дзе любяць, паважаюць, шануюць, размаўляюць на роднай мове і падтрымліваюць яе дзяржаўны статус.

А хіба можна ўявіць Тыдзень роднай мовы без дыктоўкі? Вядома ж, не! Вось і ў гэтым годзе мы захавалі традыцыю і напісалі дыктоўку па беларускай мове.

Мерапрыемства адбылося 27 лютага на кафедры беларускай і рускай моў са студэнтамі 2 курса медыка-прафілактычнага факультэта. Вітала ўдзельнікаў і выступіла з уступным словам загадчык кафедры к.ф.н., дацэнт Т.М. Мельнікава, якая пажадала аўдыторыі поспехаў у напісанні і атрымання асалоды ад гучання роднага слова.

Права выбару тэксту дыктоўкі было дадзена студэнтам, для якіх былі падрыхтаваны 3 канверты. У выніку жараб’ёўкі тэкстам для напісання стаў урывак з твора Г. Далідовіча “Завуч”.

Філолагам-кансультантам на пляцоўцы працавала старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў А.А. Носік. Чытанне тэксту дыктоўкі было даручана к.ф.н., дацэнту кафедры беларускай і рускай моў А.А. Дзеруновай.

Па выніках напісання асабліва хочацца адзначыць работы Тарусінай Алены (гр. 3204), якая не дапусціла ніводнай памылкі, і Латышавай Марыі (гр. 3204), чыя дыктоўка мела толькі адну памылку.

Правядзенне дадзенага мерапрыемства дазволіла не толькі праверыць свае веды, але і задумацца над тым, што для кожнага з нас значыць найпрыгажэйшая ў свеце родная мова, веданне якой ёсць першачарговы абавязак кожнага беларуса.

***

У рамках Тыдня беларускай мовы і культуры студэнты фармацэўтычнага і медыка-прафілактычнага факультэтаў БДМУ наведалі касцёл Святога Сымона і Святой Алены. Чаму іменна гэта месца? Большасць з нас ведаюць гэту найпрыгажэйшую ў сталіцы пабудову як дом для малення каталікоў. А гэтага вельмі мала. Сёння Чырвоны касцёл – унікальны культурны і асветніцкі цэнтр, які з вялікім поспехам прапагандуе беларускую культуру і мову, арыентуе нас на духоўнасць і захаванне веры, даруе надзею на лепшае. Касцёл мае цікавую гісторыю, у тым ліку і трагічную. Каб спасцігнуць, што ўяўляе сабой касцёл сёння, мы і вырашылі правесці мерапрыемства, пачаўшы з экскурсіі па касцёле, якую правяла супрацоўнік культурнага цэнтра Івуць Галіна Фёдараўна.

Яна расказала гісторыю заснавання касцёла, які з’явіўся дзякуючы намаганням Эдварда Вайніловіча, сярэднезаможнага ўласніка маёнтка Савічы ў Слуцкім павеце. Яго сына Сымона звалі ў гонар апостала Сымона, а дачку – як святую Алену, маці рымскага імператара Канстанціна, які зрабіў хрысціянства царквой. Жадаючы захаваць памяць аб сваіх заўчасна памерлых ад хвароб дзецях, Эдвард Вайніловіч вырашыў пабудаваць касцёл у гонар Святога Сымона і Святой Алены, якія былі святымі заступнікамі яго дзяцей.

Сёння ў касцёле ёсць тэатральная зала, зала для выстаў карцін, капліца Маці Божай Будслаўскай, бібліятэка імя Адама Міцкевіча, школа для дзяцей, хор для дарослых і дзяцей і інш.

Пасля цікавай экскурсіі студэнты паглядзелі музычна-драматычны спектакль “Пачакай, сонца!”, аўтарам інсцэніроўкі і выканаўцай якога з’яўляецца актрыса, рэжысёр, заснавальнік, дырэктар-мастацкі кіраўнік тэатра “Зніч” Галіна Аляксееўна Дзягілева. Спектакль выконваецца на беларусай мове і распавядае аб каханні і пакутах украінкі Марусі Чурай, вядомай у народзе сваімі цудоўнымі песнямі.

Незвычайная атмасфера касцёла стварыла чароўны настрой, дапамагла паглыбіцца ў самую сутнасць духоўнасці, чалавечнасці, дабрыні і, магчыма, адкрыць нешта новае ў сабе.

Наталля Ратынская, Алеся Носік, старшыя выкладчыкі кафедры беларускай і рускай моў