Міжнародны дзень роднай мовы. У БДМУ ўрачыста пачаўся Тыдзень беларускай мовы і культуры

21 лютага абвешчаны ЮНЕСКА Міжнародным днём роднай мовы. У гэты дзень у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце адбылося ўрачыстае адкрыццё Тыдня беларускай мовы і культуры.

Выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта, якія сабраліся ў святочнай зале, віталі прарэктар па выхаваўчай рабоце Павел Віктаравіч Маркаўцан, загадчык кафедры беларускай і рускай моў Таццяна Мікалаеўна Мельнікава, дэкан факультэта прафарыентацыі і давузаўскай падрыхтоўкі Мікалай Канстанцінавіч Альховік і загадчык секцыі беларускай мовы кафедры беларускай і рускай моў Алеся Анатольеўна Носік. Падарункам для гасцей Тыдня стала выступленне фальклорнага тэатра “Мед.ун.іца” студэнцкага клуба БДМУ.

Усе выказванні, напоўненыя пяшчотай да роднай мовы, яднала думка, што Тыдзень беларускай мовы і культуры – гэта найлепшая магчымасць выказаць любоў да сваіх каранёў і напоўніцца гордасцю за сваю зямлю.

Асабліва хочацца адзначыць глыбокае разуменне студэнтамі неабходнасці вывучаць беларускую мову і размаўляць на ёй у нашай краіне. Іх выказванні ў адрас мовы вылучаліся шчырай, непасрэднай любоўю і да родных мясцін, і да Беларусі наогул. Студэнты 1-га курса лячэбнага факультэта Ганна Міхайлоўская (група 1123), Лізавета Кувайцава (група 1123) і Павел Станкевіч (група 1124) расказалі, чым асабліва падабаецца ім беларуская мова, Анастасія Правальская (група 1109) выканала песню ўласнага сачынення па-беларуску, Марыя Стральчэня (група 1105) прачытала верш, напісаны паэтам з яе малой радзімы Іванам Кірэйчыкам, пра незабыўныя ваенныя гады.

Кацібі Лінда Хусейн (група 6243), студэнтка 2-га курса медыцынскага факультэта замежных навучэнцаў, выступіла з паведамленнем пра французскую мову, параўнаўшы яе з прыгожай, сціплай, але смелай жанчынай, і зачытала некалькі радкоў па-французску. Студэнт з Кітая Чжан Цзэсюн (гррупа 6243) адзначыў, што, каб вывучыць рускую мову, яму прыйшлося некаторы час не размаўляць на роднай кітайскай, а таксама прамовіў некалькі слоў на беларускай мове.

Праведзенае мерапрыемства стала афіцыйным пачаткам Тыдня беларускай мовы і культуры – добрай традыцыі нашага ўніверсітэта.

Алеся Носік, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў БДМУ, фотаздымкі Дзмітрыя Зелянкоўскага