«Медыцынскі калейдаскоп» ад педыятрычнага факультэта

У рамках праекта педыятрычнага факультэта «Усе мы родам з дзяцінства» ужо другое мерапрыемства правёў судэнцкi Савет педыятрычнага факультэта (першае прайшло ў рамках Тыдня народнага адзiнства – фотаконкурс «Мая Радзiма i мае сябры»).

Менавіта ў дзяцінстве мы пазнаём свет, родны кут і родную мову. Менавіта дзяцінства назаўсёды застаецца ў памяці. Мы – тыя, хто будзе лячыць дзетак, хацелі б, каб кожны, хто дакранецца да нашага праекта, дакрануўся і да свайго дзяцінства і хоць на хвілінку стаў тым бесклапотным i жыццярадасным хлопчыкам або дзяучынкай, якімi некалі былi. Спадзяёмся, што ўсе, хто прыняў удзел у падарожжы разам з намi, гэта адчулi.

Пад кiраўнiцтвам студэнцкага Савета педыятрычнага факультэта 21 лютага ўпершыню прайшоў івэнт у холе галоўнага корпуса БДМУ, дзе было арганізавана 6 станцый з крэатыўнымі конкурсамі.

Першая станцыя «Люстэрка». Трэба было знайсці да слоў адпаведнае значэнне (напрыклад, яндоўка – вялікі нос, згарусціць – зрабіць нешта абы-як, пакідзішча – пакінуты кімсьці чалавек).

Другая станцыя «Пастаў дыягназ». Дадзены скаргi пацыента, па якіх патрэбна паставiць дыягназ (напрыклад, «узнікаюць скурныя высыпанні на частках цела, якія падвяргаліся астуджэнню, і знікаюць яны (гэтак жа, як насмарк і кашаль) звычайна без якога-небудзь лячэння – ужо праз некалькі гадзін знаходжання ў цяпле» – халадовая алергія)

Станцыя «Раскажы пра беларускiя святы». Па зададзеным апісанні трэба назваць беларускае свята. Станцыя была прысвечана народным святам Беларусі. Госці падыходзілі і выцягвалі маленькую картку, на якой была напісана загадка. Самым складаным было адгадаць, што ж гэта за свята ці сімвал свята.

Станцыя «Анатамічная віктарына». На картках намаляваны часткi цела, трэба назваць па-беларуску (напрыклад, бедро – сцягно, голень – галёнка, лодыжка – шчыкалатка, почка – нырка).

Станцыя «Да якога ўрача-спецыялiста звернешся?». Прыклад пытання: «Калі трэба выправіць дэфекты развіцця зубоў і сківіц, хто гэтым займаецца?» (артадонт).

З мэтай узмацнення цікавасці да беларускай мовы i павагi да роднага слова была праведзена «Агульная педыятрычная дыктоўка». Усе жадаючыя прайшлi рэгiстрацыю і з ахвотай прынялі ўдзел у дыктоўцы, якой кіравалі студэнты педыятрычнага факультэта (тэкст дыктоўкi быў прысвечаны прафесiі ўрача).

Шмат студэнтаў і выкладчыкаў праверылі свае веды па роднай мове. «Калi ласка, працягвайце праводзiць такiя мерапрыемствы», – выказвалі пажаданнi госці. На працягу мерапрыемства ўтульную атмасферу стварала беларуская музыка вядомых беларускіх выканаўцаў. Асабліва гасцям спадабалася фотазона, аформленая да Мiжнароднага дня роднай мовы.

Гэта была выдатная магчымасць весела правесці час, вывучыць новыя словы на беларускай мове (у тым ліку і медыцынскую лексіку), зрабіць прыгожыя фатаграфіі і атрымаць падарункі!

Да новых сустрэч i новых падарожжаў! 

Студсавет педыятрычнага факультэта БДМУ, фота прадастаўлена студэнцкім саветам