Дзень беларускага пісьменства ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце

Дзень беларускага пісьменства ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце

Пісьменства – адно з найважнейшых вынаходніцтваў чалавецтва. Шлях ад надпісаў на дрэве, посудзе, камянях да ўнікальных навуковых прац і высокамастацкіх твораў прайшло пісьмовае слова па нашай зямлі.

З году ў год у першую нядзелю верасня Дзень беларускага пісьменства прымаюць гарады – культурныя цэнтры розных рэгіёнаў краіны: ад Полацка да Турава, ад Шклова да Навагрудка. Сёлета рэспубліканскае свята адзначалася ў горадзе Капылі Мінскай вобласці. Аднак стаць часткай гэтага важнага для беларускай мовы дня можа кожны грамадзянін Беларусі, кожны, хто адчувае ўнутраную неабходнасць у роднай мове.

З гэтай нагоды ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце выкладчыкам кафедры беларускай і рускай моў Алесяй Анатольеўнай Носік быў праведзены конкурс пісьмовых работ на тэму “Беларуская мова ў маім жыцці”, які даў магчымасць студэнтам 1-га курса выказаць свае адносіны да роднай мовы і праверыць узровень валодання беларускім мастацкім словам.

На сустрэчы прысутнічалі намеснік загадчыка кафедры па выхаваўчай рабоце Дар’я Анатольеўна Пятроўская, а таксама замежныя студэнты групы 6214 а/м, якім было вельмі цікава паслухаць гучанне яшчэ адной дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь.

Журы конкурсу, у склад якога ўвайшлі выкладчыкі кафедры, з вялікім задавальненнем чытала прадстаўленыя работы і выбірала лепшыя з іх.

Мерапрыемства прадэманстравала глыбокую зацікаўленасць студэнтаў моўным пытаннем і разуменне важнасці менавіта беларускай мовы ў жыцці кожнага беларуса як на сённяшні дзень, так і для будучыні нашых нашчадкаў.

Алеся Носік, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў БДМУ, фота прадастаўлена аўтарам