«Чарадзеі роднага слова» - сустрэча, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.

21 лютага 2020 года бібліятэкай і кафедрай медыцынскай і біялагічнай фізікі ў чытальнай зале бібліятэкі была арганізавана сустрэча, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.

На сустрэчу са студэнтамі-першакурснікамі лячэбнага, медыка-прафілактычнага і фармацэўтычнага факультэтаў прыйшлі: паэт, журналіст, намеснік дырэктара канала «Культура» Беларускага радыё Навум Якаўлевіч Гальпяровіч і галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Воцінава. Часопіс «Маладосць»  — вельмі часты і заўсёды жаданы госць у нашым унiверсiтэце.

Сустрэча праходзiла ў выглядзе імправізаванай тэлепраграмы, накшталт аўтарскай праграмы Н. Гальпяровiча «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3», толькi на гэты раз пытаннi задавала Святлана Воцiнава, а Навум Якаўлевіч на iх адказваў.

Гучалі паэтычныя радкі паэта, пранікнутыя любоўю да радзiмы, мовы, культуры, а таксама і пытанні студэнтаў.

 

У ходзе сустрэчы Навум  Якаўлевіч расказаў пра вытокі сваёй беларушчыны, пра тое, што для яго Беларусь і родная мова, што ён цяпер чытае, над чым працуе як пісьменнік, якія месцы краіны яму найбольш дарагія, падзяліўся ўспамінамі пра сваю малую радзіму і першае каханне. Нядзіўна,што сваёй мілагучнай беларускай мовай, шчырасцю, ён проста зачараваў залу слухачоў.

У канцы сустрэчы Навум Якаўлевіч прапанаваў студэнтам прачытаць верш на беларускай мове, што i зрабiла студэнтка фармацэўтычнага факультэта Аляксандра Драздовiч. У якасцi падзякi атрымала зборнiк твораў Н. Гальпяровiча з яго подпiсам.

Усе, хто прысутнiчаў на гэтай сустрэчы, адчулі вялікую любоў нашых гасцей да Радзімы, да роднага слова, да людзей і атрымалі сапраўдны урок патрыятызму.