Круглы стол «Беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі».

Круглы стол «Беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе:

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы 20 лютага 2019 года дэлегацыя БДМУ ў складзе загадчыка кафедры беларускай і рускай моў Мельнікавай Т.М., дацэнта Грынкевіч А.І. і старшага выкладчыка Носік А.А. вышэйназванай кафедры, дацэнта кафедры аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі А.А. Клюй прынялі ўдзел у пасяджэнні круглага стала «Беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі», арганізатарам якога выступіла Рэспубліканская тэрміналагічная камісія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

На семінары прагучалі даклады, у якіх закраналіся пытанні дзяржаўнага двухмоўя і нацыянальнай навуковай тэрміналогіі, а менавіта: стан і актуальныя праблемы медыцынскай тэрмінаграфіі, тэрміны і наменклатурныя назвы, функцыянаванне беларускай мовы ў сферы медыцыны і аховы здароўя.

З вялікай цікавасцю прысутныя заслухалі выступленне загадчыка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» В.М. Курцовай. Яна паведаміла пра магчымасці хуткага пошуку неабходнай беларускамоўнай лексікі ў інтэрнэце. Дэлегацыяй БДМУ быў прадстаўлены слоўнік «Анатомія» як фактычна першая спроба выдання галіновага даведніка ў Беларусі, у якім прыведзены беларускія адпаведнікі міжнароднаму стандартызаванаму спісу анатамічных тэрмінаў.Таксама былі выказаны думкі наконт своечасовасці дадзенага мерапрыемства.

Пытанне ўпарадкавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі не толькі сведчыць пра імкненне навукоўцаў да парадку, чысціні ва ўсёй творчай прадукцыі, але і прыцягвае ўвагу да роднага, свайго, да мовы, якая з’яўляецца адным з галоўных атрыбутаў нацыі. У ходзе мерапрыемства падкрэслівалася таксама неабходнасць абавязковага прытрымлівання адзінай міжнароднай медыцынскай тэрміналогіі (захаванне т.зв. тэрміналагічнай дысцыпліны, забароны т.зв. самадзейнасці пры тлумачэнні і перакладзе медыцынскіх дэфініцый, вельмі ўважлівых і асцярожных адносін да тэрміна пры яго перакладзе і тлумачэнні; актуальнасці тэрміна, што звязана са з’яўленнем новых спецыяльнасцей у медыцыне (напрыклад, у гэтым годзе адбудзецца першы выпуск у БДМУ спецыялістаў па спартыўнай медыцыне); змяшчэння тэрміна ў слоўніку і ўспрыняцця слоўніка як кодэкса законаў. Для стварэння тэрміналагічных медыцынскіх слоўнікаў прапаноўвалася арганізоўваць рабочыя групы ў абавязковым складзе: філолаг-беларусамоўца-лацініст- медык. Адзначалася, што працэс грыфавання слоўнікаў і вучэбнай літаратуры павінен прыцягваць увагу адначасова Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі.

Асаблівая значнасць семінара бачыцца ў тым, што ён сабраў разам філолагаў і прадстаўнікоў медыцыны, якія выкладаюць профільныя дысцыпліны будучым медыкам, а таксама працуюць як практыкуючыя ўрачы. Толькі дзякуючы такому цеснаму супрацоўніцтву абодвух бакоў можна стварыць сапраўды грунтоўную працу, якая будзе адпавядаць усім патрабаванням часу і стане карыснай для авалодвання мовай на ўсіх узроўнях.

У выніку абмеркавання актуальных праблем сучаснага стану беларускай навуковай медыцынскай тэрміналогіі і пытанняў яе функцыянавання ў сучасным беларускім двухмоўным соцыуме удзельнікі круглага стала прйшлі да высновы, што:

  • паўнацэннае (парытэтнае) функцыянаванне беларускай мовы ў сферы аховы здароўя адпавядае сутнасці дзяржаўнага двухмоўя ў Рэспубліцы Беларусь і забяспечвае выкананне яго прынцыпаў;
  • забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзяніна атрымліваць неабходную медыцынскую iнфармацыю і медыцынскія паслугі на любой дзяржаўнай мове, у тым ліку беларускай;
  • сучасны стан развіцця беларускай літаратурнай мовы і сучаснай беларускай медыцынскай тэрмінасістэмы дазваляе ажыццяўляць навучанне ва ўстановах адукацыі, якiя забяспечваюць падрыхтоўку медыцынскіх работнікаў і аказанне медыцынскіх паслуг насельніцтву, на дзяржаўнай беларускай мове;
  • у адпаведнасці з артыкулам 4 Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, адукацыйныя праграмы павінны забяспечваць неабходную моўную кампетэнцыю спецыялістаў для ажыццяўлення iмi сваіх прафесійных іслужбовых абавязкаў на любой дзяржаўнай мове, у тым ліку беларускай.
Грынкевіч А.І., Мельнікава Т.М.. Носік А.А., кафедра беларускай і рускай моў