«Гратэскная праўда жыцця»

«Гратэскная праўда жыцця»

У рамках сумеснага праекта з бібліятэкай № 19 па прапагандзе літаратурнай спадчыны беларускага народа «Беларуская літаратура і моладзь: кропкі сутыкнення» 4 кастрычніка ў інтэрнаце № 2 прайшла літаратурная гасціная, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Андрэя Мрыя – пісьменніка-сатырыка, краязнаўца.

p3.jpg

Супрацоўніца бібліятэкі № 19 Вольга Валер’еўна Чыгір паведала студэнтам пра жыццёвы шлях Андрэя Мрыя. Сапраўднае прозвішча пісьменніка – Андрэй Антонавіч Шашалевіч. Нарадзіўся ён 13 ліпеня 1893 года ў вёсцы Доўгавічы (цяпер Краснапольскі раён) Магілёўскай вобласці ў сям’і валаснога пісара, рана палюбіў музыку, навучыўся іграць на віяланчэлі і разам з братам даваў канцэрты для аднавяскоўцаў. У 1914 годзе скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. Працягваў вучобу ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. У 1923 годзе разам з братам і шваграм яны ствараюць першы ў раёне народны тэатр. Выдаваў рукапісны часопіс «Пралеска», збіраў народную лексіку, дасылаў яе ў Слоўнікавую камісію Інбелкульта. У 1929 годзе ў трох нумарах часопіса «Узвышша» быў надрукаваны сатырычны раман Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя». Андрэй Мрый таксама аўтар апавяданняў «Пятрок», «Камандзір», «Гармонія ў ружовым» і іншых.

У жніўні 1926 года выехаў у Мінск, дзе па прапанове Змітрака Бядулі стаў супрацоўнікам часопіса «Наш край». Яркая з’ява ранняй творчасці Андрэя Мрыя – рэалістычнае апавяданне «Няпросты чалавек» (1927).

У 1934 годзе пісьменнік быў рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у сібірскіх лагерах. Праз дзевяць гадоў быў вызвалены з лагера, але, цяжка хворы, дамоў ён не даехаў. Памёр Андрэй Антонавіч Шашалевіч (Мрый) 8 кастрычніка 1943 года. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1961 годзе.

…Кожная такая сустрэча дазваляе моладзі ўспомніць ужо знаёмыя імены і творы беларускіх пісьменнікаў, а яшчэ даведацца пра новыя старонкі літаратурнай спадчыны Беларусі.

p1.jpg

Студэнцкі актыў інтэрната № 2 БДМУ, фота прадастаўлена студактывам