Беларусь – мая любая

Беларусь – мая любая

У “дзесятцы” прайшла выхаваўчая гадзіна «Беларусь – любая мая». Студэнты атрымалі сапраўдную асалоду і масу станоўчых эмоцый, паглядзеўшы фільм беларускага трэвал-блогера Арцёма Рагалевіча аб незвычайных і вартых увагі славутасцях нашай краіны.

Беларусь – гэта краіна са старажытнай гісторыяй і багатымі традыцыямі, з цудоўнай прыродай і дзіўнай архітэктурай, якая спалучае ў сабе спадчыну заходнееўрапейскіх і ўсходнеславянскіх традыцый дойлідства. Тут сціплыя старадаўнія хаткі суседнічаюць з грандыёзнымі гатычнымі саборамі і гіганцкімі футурыстычнымі пабудовамі. Беларусь славіцца сваімі лясамі і азёрамі – нездарма яе называюць «лёгкія Еўропы».

Стагоддзі таму праз усходнія землі Беларусі пралягаў знакаміты гандлёвы шлях "з варагаў у грэкі", часткай якога быў Днепр – адна з найбуйнейшых рэк Еўропы. Ужо з ХII–XIII стагоддзяў тут вядомыя гарады Мсціслаў (1135), Крычаў і Прапойск (Слаўгарад) (1136), Магілёў (1267)… Пазней Магілёўская губерня стала ўпадабаным месцам імператараў: Кацярына II дарыла тутэйшыя маёнткі фаварытам, а Мікалай II у час Першай сусветнай вайны зрабіў Магілёў Cтаўкай Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Сярод славутасцяў рэгіёна – выдатныя помнікі архітэктуры губернскага Магілёва, замак XVII стагоддзя і ўнікальная сінагога ў Быхаве, палацава-паркавы ансамбль у Жылічах, палац Пацёмкіна ў Крычаве, Пустынскі манастыр, старажытны Мсціслаў, Бабруйская крэпасць… 

Сярод славутасцяў Беларусі асобна трэба вылучыць мемарыяльныя комплексы, якія штогод наведваюць мільёны людзей. Рэспубліка моцна пацярпела ў Вялікай Айчыннай вайне – на яе тэрыторыі было некалькі буйных гета, былі знішчаны цэлыя гарады і населеныя пункты. Такія мемарыяльныя комплексы, як "Хатынь", "Хаваншчына", "Брэсцкая крэпасць-герой" вядомыя ўсяму свету. Гэты вечны напамінак аб жахах вайны і моцы духу беларускага народа. 

Паглядзеўшы фільм, студэнты падзяліліся гісторыяй і багатымі традыцыямі, цудоўнай прыродай і дзіўнай архітэктурай сваёй малой радзімы, дзе яны нарадзіліся, а жывуць у нас у 10-м інтэрнаце хлопцы з розных куткоў Рэспублікі Беларусь. Атрымалася змястоўнае і ўражальнае падарожжа па нашай роднай Беларусі. 

Марта Шастэль, Дар'я Ядчанка, студэнты інтэрната № 10 БДМУ, фота аўтараў