Юбілей класіка беларускай літаратуры. Івану Мележу – 100 гадоў

Юбілей класіка беларускай літаратуры.

8 лютага 2021 года мы адзначылі 100-гадовы юбілей Івана Мележа – знакамітага беларускага празаіка, драматурга, публіцыста, народнага пісьменніка БССР.

У гэтым годзе юбілейная дата супала з пачаткам новага семестра і стала сапраўдным святам для ўсіх, хто любіць родную мову, літаратуру, культуру – спадчыну. Усе нашы студэнты вывучаюць беларускую мову, таму вельмі сімвалічна, што заняткі пачаліся з успамінаў пра таго, хто ўсёй сваёй дзейнасцю ўздымаў беларускую літаратуру і разам з тым і мову на самае пачэснае і ганаровае месца. Івана Паўлавіча Мележа нездарма называюць за гэта прадстаўніком “філалагічнага пакалення” пісьменнікаў.

Выкладчыкамі кафедры беларускай і рускай моў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта было арганізавана вельмі душэўнае мерапрыемства, якое дало магчымасць студэнтам у чарговы раз пераканацца, якім таленавітым ва ўсіх адносінах быў Іван Мележ. Прагучала шмат цікавых звестак пра яго асабістае жыццё, узаемаадносіны з роднымі і з землякамі, прадэманстраваны архіўныя рукапісы знакамітай “Палескай хронікі”. Мы пачулі голас вялікага пісьменніка падчас прагляду дакументальнага фільма, прагледзелі таксама фрагмент з экранізацыі рамана “Людзі на балоце”, прачыталі яго мудрыя філасофскія выказванні.

Гэта быў чалавек бязмежнага таленту і выключнай працаздольнасці. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967–1976), быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага Савета Міру, старшынёй Беларускага аддзялення таварыства “СССР–Францыя”. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1946), ордэнам “Знак Пашаны” (1955), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967, 1971) і медалямі.

“…Ёсць у кожнага свой, мілы сэрцу куток, які з бегам гадоў не толькі не цьмее ў памяці, а становіцца як бы яснейшым, даражэйшым. Куток гэты – твая хата, дзе мы вучыліся бегаць, дзе чулі цеплыню матчыных рук і цеплыню сэрца нашага маленства”.

Менавіта так, з цеплынёй і павагай Іван Пятровіч Мележ выказваўся пра сваю Радзіму. Цяжка не згадзіцца з яго словамі. Кожны чалавек, дзе б яму ні даводзілася бываць, праз усё жыццё праносіць у сэрцы вобразы дома, маці, родных ваколіц…

Радзіма пісьменніка – вёска Глінішча на Палессі. Такімі словамі пісьменнік назаўсёды ўвекавечыў яе ў “Палескай хроніцы”: “Людзі заўсёды чым-небудзь былі занятыя: уранку і ўвечары, летам і зімою, у хаце, на двары, у полі, на балоце, у лесе...”.

З родных мясцін ён чэрпаў натхненне і спасцігаў векавую мудрасць палешукоў. Вялікі ўплыў на станаўленне асобы будучага пісьменніка аказалі бацькі: справядлівая і руплівая маці, клапатлівы і працавіты бацька – усе сваім прыкладам паказвалі, як жыць так, каб прыносіць карысць людзям і заставацца сумленным і паважаным чалавекам.

Шмат чаго змянілася ў нашым жыцці з той пары, аднак і сёння можна з упэўненасцю сказаць, што творы Івана Мележа ва ўсе часы былі, ёсць і назаўсёды застануцца бясцэннай каштоўнасцю і крыніцай жыццёвай філасофіі ўсяго беларускага народа.

Алеся Анатольеўна Носік, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў БДМУ, фотаздымкі аўтара