Тыдзень беларускай мовы і культуры ў БДМУ – 2023

Тыдзень беларускай мовы і культуры ў БДМУ – 2023

З 21 па 24 лютага з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце прайшоў Тыдзень беларускай мовы і культуры, арганізатарам якога выступіла кафедра беларускай і рускай моў.

Традыцыйным пачаткам Тыдня стала ўрачыстае адкрыццё, якое адбылося 21 лютага. З прывітальнымі словамі да аўдыторыі выступіў прарэктар па выхаваўчай рабоце, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Павел Віктаравіч Маркаўцан. Ён выказаў думку, што мова займае вялікае месца ў нашым жыцці і падкрэсліў важнасць захавання беларускай мовы для далейшага развіцця нашай нацыі.

Дэкан факультэта прафарыентацыі і давузаўскай падрыхтоўкі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Мікалай Канстанцінавіч Альховік звярнуў увагу на гістарычны лёс беларускай мовы і яе сучасны ўзровень, а таксама пажадаў прысутным часцей размаўляць па-беларуску.

Загадчык кафедры беларускай і рускай моў, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Таццяна Мікалаеўна Мельнікава выказала асабістую любоў да роднай мовы і культуры. Акрамя таго, яна заўважыла, што мова кожнай нацыі – гэта сусветны скарб, пагэтаму мы павінны ставіцца з павагай да ўсіх моў свету, каб зберагчы схаваныя ў іх непаўторныя рысы народнай душы.

Начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю Таццяна Міхайлаўна Ярашэвіч выказала словы падзякі ў адрас кафедры беларускай і рускай моў за арганізацыю свята і выразіла самыя цёплыя пачуцці ў дачыненні да беларускай мовы і захапленне нашай Радзімай з яе багатай культурай.

Загадчык секцыі беларускай мовы кафедры беларускай і рускай моў, старшы выкладчык Алеся Анатольеўна Носік павіншавала прысутных з Днём роднай мовы і падкрэсліла, што ў нашы дні веданне беларускай мовы з’яўляецца неад’емным атрыбутам высокаадукаванага, інтэлігентнага і культурнага чалавека. Яна выразіла захапленне нашымі студэнтамі, якія дэманструюць умелае валоданне беларускай мовай і ствараюць на ёй цудоўныя вершы і песні.

Цырымонію адкрыцця прадоўжылі выступленні студэнтаў лячэбнага, стаматалагічнага і медыка-прафілактычнага факультэтаў з творамі ўласнага сачынення. Паэтычны і вакальны талент выступоўцаў быў высока ацэнены слухачамі.

Пачатак Тыдня быў адзначаны таксама выставай вырабаў беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Часцінкі роднага краю”, арганізаванай сумесна з клубам “Інтэрнацыяналіст”, які працуе пры кафедры беларускай і рускай моў пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка Ганны Аляксандраўны Аляксеенкі.

22 лютага ўсе жадаючыя маглі далучыцца да інтэрактыўнай акцыі “Маё любімае слова на-беларуску”, якая праводзілася на кафедры. Найбольшую цікавасць да яе праявілі студэнты. З захапленнем і ахвотай ім хацелася напісаць як мага больш слоў, якія надзвычай трапна перадаюць самабытнасць беларускай мовы і яе непаўторнае гучанне.

У гэтым годзе была выкарыстана і новая форма творчага выражэння: калідоры кафедры беларускай і рускай моў ўпрыгожыла рознакаляровымі фарбамі выстава фотаздымкаў “Таямніцы Беларусі”. Маляўнічымі краявідамі нашай Радзімы падзяліліся айчынныя і замежныя студэнты, а таксама выкладчыкі кафедры. Усе жадаючыя змогуць наведваць выставу яшчэ на працягу некалькіх месяцаў.

Гучным завяршэннем Тыдня стала культурна-адукацыйная акцыя “Вялікая дыктоўка па беларускай мове”, якая адбылася 24 лютага. Мерапрыемства адкрылі дэкан факультэта прафарыентацыі і давузаўскай падрыхтоўкі Мікалай Канстанцінавіч Альховік і загадчык кафедры беларускай і рускай моў Таццяна Мікалаеўна Мельнікава.

  

Магчымасць напісаць дыктоўку была прадстаўлена нашым студэнтам і супрацоўнікам універсітэта. Для ўдзельнікаў была створана ўрачыстая, але цёплая атмасфера, дзе гучала пяшчотная і лагодная родная мова. Чытанне самога тэксту было даручана загадчыку секцыі беларускай мовы кафедры беларускай і рускай моў Алесі Анатольеўне Носік.

Найлепшы вынік паказала Вікторыя Ганчарова (група 1113), не дапусціўшы ніводнай памылкі; па адной памылцы зрабілі Вікторыя Караневіч (група 1118), Анастасія Жабурдзёнак (група 1114) і вядучы бухгалтар упраўлення бухгалтарскага ўліку, эканомікі і справаздачнасці Алена Аляксандраўна Шэвялевіч.

У гэты ж дзень адбыўся і навукова-метадычны семінар для выкладчыкаў “Пытанні выкладання беларускай мовы ў негуманітарных вну”. Гэта была сустрэча аднадумцаў, адданых сваёй прафесіі, якія пажадалі падзяліцца новым вопытам і абмеркаваць найбольш актуальныя аспекты методыкі выкладання дысцыпліны “Беларуская мова: прафесійная лексіка”.

Праведзеныя мерапрыемствы паказалі, што многім з нас не хапае ў жыцці родных слоў, вершаў, песень, народнага мастацтва. Кожны дзень Тыдня мы выражалі прызнанні ў любові роднай мове, роднай зямлі, а галоўнае – далі абяцанне зберагчы беларускую мову.

Кафедра выражае падзяку ўсім, хто прыняў удзел у нашых мерапрыемствах, і асабіста прарэктару па выхаваўчай рабоце Паўлу Віктаравічу Маркаўцану за садзейнічанне і падтрымку.

Віншуем усіх удзельнікаў свята! Жадаем, каб шчырае і мілагучнае беларускае слова гучала не толькі 21 лютага, але напаўняла прастору і душу цеплынёй і дабрынёй кожны дзень, дапамагала атрымліваць новыя веды і перадаваць даўнія традыцыі з пакалення ў пакаленне.

Алеся Носік, загадчык секцыі беларускай мовы кафедры беларускай і рускай моў БДМУ, фота прадастаўлена кафедрай