Са дня стварэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта спаўняецца 102 гады. Віншаванне рэктара

Са дня стварэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта спаўняецца 102 гады. Віншаванне рэктара

Паважаныя ветэраны, супрацоўнікі і навучэнцы!

Прыміце шчырыя віншаванні з нагоды 102-годдзя з моманту стварэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. За гэтыя дзесяцігоддзі пуцёўку ў самастойнае жыццё атрымалі больш за 50 тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў у розных галінах медыцыны, а таксама фармацыі, якія працавалі і працуюць не толькі ў Беларусі, але і ў дзяржавах блізкага і далёкага замежжа. Многія з іх сталі вядомымі дзяржаўнымі дзеячамі, вучонымі, выкладчыкамі, кіраўнікамі буйных клінік і іншых устаноў аховы здароўя.

У нашым летапісе былі і перыяд станаўлення, і ваенныя гады з эвакуацыяй у Яраслаўль, і вяртанне ў Мінск, і пасляваеннае адраджэнне. Цяпер Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт – вядучая ўстанова вышэйшай медыцынскай адукацыі, якая стала Альма-матэр для таленавітых людзей, сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы і мае прызнанне далёка за межамі рэспублікі. Супрацоўнікі тэарэтычных і клінічных кафедраў, факультэтаў і інстытутаў, структурных падраздзяленняў БДМУ уносяць значны ўклад у развіццё вышэйшай медыцынскай адукацыі, навукі, аховы здароўя ў цэлым.

Хачу падзякаваць усім, хто памнажаў і памнажае славу Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, хто штодзённай працай, поспехамі і дасягненнямі садзейнічаў і садзейнічае ўмацаванню іміджу, аўтарытэту і прэстыжу Альма-матэр. Мы памятаем і тых, каго ўжо няма з намі, і робім усё, каб захоўваць і памнажаць найлепшыя традыцыі, закладзеныя нашымі папярэднікамі.

Ад душы жадаю ўсім здароўя, удачы, новых адкрыццяў і перамог, выдатнага настрою, аптымізму, узаемаразумення і міру.

З днём нараджэння, Альма-матэр!

Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Сяргей Рубніковіч