Дзень народнага адзінства ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Рэспубліканскі дыктант «Гісторыя сведчыць»

Дзень народнага адзінства ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Рэспубліканскі дыктант «Гісторыя сведчыць»

Указам № 206 ад 7 чэрвеня 2021 года Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у нашай краіне зацверджана дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства, якое адзначаецца штогод 17 верасня.

Сёння мы можам з упэўненасцю казаць аб фактычным афармленні ў Беларусі трыяды галоўных дзяржаўных свят: Дня Незалежнасці, Дня Перамогі і Дня народнага адзінства. Кожнае з іх з’яўляецца знакавым, нясе ў сабе глыбокі сэнс і адлюстроўвае лёс беларускага народа.

Дзень народнага адзінства, перш за ўсё, сімвалізуе нацыянальную, дзяржаўную і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, падкрэслівае магутны гістарычны падмурак сучаснай дзяржаўнасці. Гэта сімвал гістарычнага афармлення беларускай нацыі, шчырага імкнення беларусаў жыць адной сям’ёй ва ўласным доме.

Сёлета падчас выступлення на патрыятычным форуме “Мы – беларусы!”, прысвечаным Дню народнага адзінства, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка адзначыў: “Сёння 17 верасня – Дзень народнага адзінства. Нашага адзінства, адзінства беларускага народа, сімвалам якога стаў 1939 год – год уз’яднання беларускіх зямель у межах адной дзяржавы. Сам час, час глабальнага перадзелу свету, вярнуў гэту дату ў наш каляндар дзяржаўных свят”.

З нагоды Дня народнага адзінства ў сценах БДМУ прайшлі патрыятычныя мерапрыемствы, накіраваныя на выхаванне ў маладога пакалення пачуцця гонару за свой народ, за дзяржаву, у якой адбываецца іх станаўленне.

Студэнты 1-га курса педыятрычнага факультэта прынялі актыўны ўдзел у праведзенай 13 верасня «Вялікай дыктоўцы». Навучэнцы адказна падышлі да напісання тэксту і яго асэнсавання. З задачамі мерапрыемства, накіраванага на захаванне пераемнасці пакаленняў, самастойнасці і непахіснасці беларускай нацыі, студэнты справіліся паспяхова, паказаўшы высокія вынікі.

Святлана Кашавец, Алеся Носік, старшыя выкладчыкі кафедры беларускай і рускай моў БДМУ, фота аўтараў