У Белдзяржмедуніверсітэце праходзіць Тыдзень беларускай мовы і культуры

У Белдзяржмедуніверсітэце праходзіць Тыдзень беларускай мовы і культуры

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага, у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце ўрачыста распачаўся Тыдзень беларускай мовы і культуры. Стартавай падзеяй стала выстава вырабаў беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Родныя вобразы”, якая прайшла на кафедры беларускай і рускай моў.

ad_3.jpg

Урачыстая цырымонія адкрыцця Тыдня беларускай мовы і культуры адбылася 20 лютага. З прывітальным словам да выкладчыкаў і студэнтаў, якія сабраліся ў святочнай зале, выступіў прарэктар па выхаваўчай рабоце Дзяніс Анатольевіч Чарноў. Ён звярнуў увагу на непаўторнасць і багацце беларускай мовы, а таксама падкрэсліў, што для сучаснага беларуса важнымі з’яўляюцца абедзве дзяржаўныя мовы. У пацвярджэнне сваіх слоў Дзяніс Анатольевіч Чарноў прывёў цытату Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі: “Калі мы страцім рускую мову – мы пазбавімся розуму! Калі развучымся размаўляць на беларускай мове – мы перастанем быць нацыяй”.

ad_4.jpg

Выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта віталі таксама дэкан факультэта прафарыентацыі і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Мікалай Канстанцінавіч Альховік, загадчык кафедры беларускай і рускай моў, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Таццяна Мікалаеўна Мельнікава.

ad_5.jpg

Вядучымі мерапрыемства сталі загадчык секцыі беларускай мовы кафедры беларускай і рускай моў Алеся Анатольеўна Носік і намеснік загадчыка кафедры беларускай і рускай моў па выхаваўчай рабоце Святлана Анатольеўна Левашова.

Падарункам для гасцей мерапрыемства стала выступленне фальклорнага тэатра “Мед.ун.іца” пад кіраўніцтвам Ірыны Уладзіміраўны Сляпцовай.

ad_7.jpg

Сустрэчу прадоўжылі творчыя нумары нашых таленавітых студэнтаў. З усімі любімай і самай вядомай “Калыханкай” выступілі студэнткі лячэбнага факультэта Паліна Палячонак і Крысціна Кіслюк.

ad_8.jpg

Пра родныя мясціны, што назаўжды застаюцца ў сэрцы кожнага чалавека, праспявалі студэнткі стаматалагічнага факультэта Юлія Грыкень і Ганна Румянцава.

ad_9.jpg

Верш-прысвячэнне сваім калегам-стамфакаўцам зачытаў студэнт 2 курса стаматалагічнага факультэта Ігар Цішкевіч.

Праз усе выступленні, поўныя пяшчоты да роднай мовы, чырвонай стужкай праходзіла думка, што Тыдзень беларускай мовы і культуры – гэта сапраўднае свята любові да роднай мовы і сваіх каранёў.

Праведзенае мерапрыемства стала афіцыйным пачаткам Тыдня беларускай мовы і культуры – добрай традыцыі нашага ўніверсітэта.

Алеся Носік, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў БДМУ, фотаздымкі прадстаўлены аўтарам