Міжнародны дзень роднай мовы

Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет.

Я. Колас

З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор’яў i сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзiўная родная мова.

М. Танк

Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day) быў абвешчаны 17 лістапада 1999 года для садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю. Ва ўсім свеце яго пачалі адзначаць з 2000 года. Дата 21 лютага абрана ў знак памяці падзей, якія адбыліся ў Дакке (цяпер – сталіца Бангладэш) у гэты дзень 1952 года, калі ад куль паліцэйскіх загінулі студэнты, якія выйшлі на дэманстрацыю ў абарону сваёй роднай мовы – бэнгалі, якую яны патрабавалі прызнаць адной з дзяржаўных моў краіны.

Родная мова – гэта характар народа, яго памяць, гісторыя, яго розум і вопыт. «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…». Неад’емнай яе часткай з’яўляецца родная мова. Яна не проста сродак зносін, у мове адлюстроўваецца ўвесь духоўны вопыт многіх пакаленняў, светапогляд народа.

Беларусы маюць дзве дзяржаўныя мовы – рускую і беларускую, але, нягледзячы на тое, што большасць грамадзян рэспублікі размаўляюць па-руску, менавіта беларуская мова з'яўляецца нашай спрадвечнай, матчынай мовай.

Багатая літаратурная спадчына нашай рэспублікі ўзнікла менавіта дзякуючы павазе і захаванню старажытнай і вельмі прыгожай беларускай мовы. Шмат паэтаў прысвячаюць сваі творы менавіта беларускай мове і параўноўваюць яе гучанне з перазвонам ручаёў і спевамі птушак.

Паводле даследаванняў ЮНЕСКА, беларуская мова з’яўляецца самай мілагучнай пасля італьянскай. Каб упэўніцца ў гэтым, варта толькі прачытаць верш Рыгора Барадуліна «Матылёк»:

Лілею млявы плёс люляе,
З-пад злежаных аблок здалёк
Ляціць, віхлясты і бялявы,
Пялёстак лёгкі — матылёк.

На жаль, мы размаўляем, пішам на матчынай мове зусім не так часта, як хацелася б. Але варта адзначыць, што цiкавасць да нашай роднай мовы паступова расце. Зараз па-беларуску гавораць не толькі ў літаратурных колах. Яе актыўна ўжываюць у сферы бізнесу, рэкламе, а таксама ў інтэрнэт-прасторы.

Самая мілагучная, багатая, жывая, песенная і старажытная... Багаты шэраг эпітэтаў і характарыстык. Беларуская мова заслугоўвае таго, каб яе любілі і на ёй гаварылі.

Не чакайце, што буду хваліцца
Перад іншымі мовай маёй.
Хіба хваліцца з лесу крыніца,
Што грымотней яна за прыбой?
 
Той, хто любіць папраўдзе, ён ціха
Слова роднае ў сэрцы спяліць,
Беражэ ад пагарднага ліха:
Калі слову, то й сэрцу баліць...

Еўдакія Лось

Намеснік загадчыка кафедры паталагічнай фізіялогіі, старэйшы выкладчык А. М. Чэпелева