Вялікі тэатр Беларусі

У студзені 2023 года для супрацоўнікаў універсітэта пры падтрымцы пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі адбылася экскурсія па будынку Вялікага тэатра Беларусі. 

Колькі паверхаў мае будынак Вялікага тэатра Беларусі? Гэта самае ўлюбёнае пытанне экскурсавода, бо адказ безумоўна уражвае наведнікаў. Адказ – 18 паверхаў, сярод іх 11 паверхаў знаходзяцца над паверхняй зямлі, астатнія 7 паверхаў пад зямлёю. Неверагодна, праўда? Супрацоўнікі  называюць тэатр “дзяржаваю ў дзяржаве”, бо маюць у сваім будынку паліклініку, сталовую, розныя майстэрні ды іншыя выгоды. Нават калі з якой прычыны знікне электрычнасць, гледачы гэтага не заўважаць, спектакль працягнецца, бо тэатр мае свой аўтаномны электрагенератар. Калектыў тэатра складаецца з больш як 1000 чалавек.

Тэатр оперы і балета ў Мінску пачаў дзейнічаць 25 траўня 1933 года, але напачатку не меў свайго будынка. У 1933 годзе распачалося маштабнае будаўніцтва па праекце архітэктара Іосіфа Гіршавіча Лангбарда, і 10 сакавіка 1938 года адкрыўся сучасны будынак тэатра. Для тагачаснага Мінска, насельніцтва якога налічвала ў 1938 годзе прыкладна 218 тысяч чалавек, будынак быў насамрэч вялікім. Першапачаткова Лангбард планаваў зрабіць глядацкую залю на 3 тысячы гледачоў, але пасля памеры залі былі зменшаныя да 1,5 тысяч.

Пасля рэканструкцыі 2009 года глядацкая заля налічвае 1200 месцаў. На кулісы падчас рэканструкцыі было выкарыстана 13 кіламетраў чырвонага аксаміту, на фатэлі выкарыстана 10 кіламетраў чырвонага аксаміту. Тэатр аздоблены неверагодна прыгожымі люстрамі і бра. Самая вялікая люстра знаходзіцца ў вялікай глядацкай залі, зроблена з 30 тысяч крышталёвых падвесак, і падсвечваецца 500 лямпачкамі. Абслугоўванне, замена лямпачак  ажыццяўляецца раз на год, падчас летняга перапынку. 

 

На жаль па суботах не працуюць майстэрні, дзе мастакі-адмыслоўцы ствараюць касцюмы і дэкарацыі да спектакляў. Убачыць цуд стварэння сцэнічных дэкарацый было б вельмі цікава. Майстэрні знаходзяцца на верхніх паверхах тэатра пад купалам. Але завітаць да іх можна толькі па буднях з 11:00 да 16:00. Закуліссе ўсё ж змаглі ўбачыць – сцэна рыхтавалася да вечаровага спектакля “Гісторыя Кая і Герды (Снежная каралева)”, дэкарацыі зблізу неверагодна вялікія. Некаторым экскурсантам пашчасціла нават пасядзець і сфатаграфавацца ў каралеўскім фатэлі Снежнай каралевы. Рэквізіт да кожнага спектакля ствараецца адмыслова, займае шмат месца. Таму не ўсё захоўваецца ў будынку тэатра па адрасе г.Мінск, плошча Парыжскай Камуны, 1. За Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогай тэатр мае склады, дзе захоўваецца рэквізіт да спетакляў. Імянныя касцюмы шыюцца спецыяльна пад памер кожнага артыста. На адну ролю шыецца некалькі касцюмаў, для артыста асноўнага складу, і для артыстаў дадатковага складу. Таму падрыхтоўка да прэм’ры, улічваюча рэпетыцыі, стварэнне дэкарацый, пашыў касцюмаў, можа цягнуцца ад паўгода да значна большага часу.

У невялікай і прыгожай габеленавай залі напрыканцы экскурсіі быў паказаны міні-канцэрт. Прыемна было паслухаць некалькі арый з розных опер у выкананні артыстаў тэатра.

Тым, хто хоча больш даведацца пра гісторыю горада, архітэктуру і тэатр, будзе цікава наведаць экскурсію па закуліссі.

Шэвялевіч Алена