Я закаханы ў матчыную мову...

 

Мова – гэта вялікі народны скарб.
Яе нельга не паважаць, як нельга
не паважаць родны народ.
Іван Мележ 

У інтэрнаце № 1 БДМУ ужо стала добрай традыцыяй 21 лютага адзначаць Дзень роднай мовы. З вялікім задавальненнем студэнты прынялі ўдзел у гульні “Я закаханы ў матчыную мову”. Мэтай гэтага мерапрыемства з’яўляецца выхаванне гонару за свой край, яго традыцыі, вялікіх людзей і, галоўнае, родную мову.

Студэнтам прапанавалі адказаць, што для іх значыць родная мова, Радзіма. Яны чыталі вершы на беларускай мове, адказвалі на пытанні па гісторыі Беларусі, рабілі пераклады слоў з рускай мовы на беларускую, называлі аўтараў вядомых беларускіх твораў, згадвалі вершы па іх пачатку, працягвалі тэкст прыказак і прымавак, успаміналі людзей, якія ў розныя часы праславілі нашу краіну.

Удзельнікі гэтай гульні прыйшлі да высновы, што мова – вялікі духоўны скарб народа, яе неабходна зберагчы і перадаць нашчадкам, бо “мова наша зжылася з народам”, як корань з дрэвам, “яе стварыў і ўзнёс народ”!

Вікторыя Усава, студэнтка групы 2404 педыятрычнага факультэта БДМУ, фота аўтара