Раскрыўся ў поўны колас

У мінулым месяцы споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа. Народны паэт Беларусі, класік нацыянальнай літаратуры, пясняр – гэтыя словы даўно і заслужана сталі неаддзельнымі ад яго імя. Са школьных гадоў мы вывучаем біяграфію і творы Коласа, але няшмат ведаем, якім ён быў у звычайным жыцці.

Пра гэта больш падрабязна даведаліся студэнты педыятрычнага факультэта, якія жывуць у інтэрнаце № 1 БДМУ. Яны наведалі дом-музей паэта, які гасцінна расчыніў свае дзверы. Шмат новага пра Якуба Коласа пачулі студэнты ад яго праўнучкі Васіліны Валер’еўны Міцкевіч. Асаблівую цікавасць выклікалі такія факты, як тое, што зборнік вершаў Якуба Коласа пабываў у космасе. Яго браў з сабою ў палёт у 1975 годзе першы беларускі касманаўт Пётр Клімук. Памер выдання – 8.5х7 см, кніга была выпушчана да 90-годдзя з дня нараджэння песняра.

У апошнія гады свайго жыцця Якуб Колас часта хварэў, таму вельмі быў удзячны дактарам, што лячылі яго, прысвячаў ім вершы, дарыў кнігі, якія зараз знаходзяцца ў музеі паэта.

Якуб Колас праславіўся не толькі сваімі творамі, але і мецэнацтвам. Ён выдаткоўваў грошы для падтрымкі таленавітых маладых людзей, якія толькі пачыналі творчы шлях. На працягу жыцця пісьменнік меў 6 аўтамабіляў, але ніколі не сядзеў за рулём.

Нашчадкі Якуба Коласа па жаночай лініі не мяняюць прозвішча Міцкевіч, выходзячы замуж. Такая традыцыя – даніна памяці продкам.

Паэт быў вельмі сціплым чалавекам сялянскага выхавання. Шмат чаму добраму можна навучыцца на прыкладзе яго жыцця.

Студактыў інтэрната № 1 БДМУ, фотаздымкі прадаставіў студактыў