Пажаданні абавязкова збудуцца

Кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш, дзе 21 лютага 1957 года загінулі студэнты, якія адстойвалі права вучыцца на роднай мове. Зараз у свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання іх і развіцця міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы – каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

На жаль, і наша беларуская мова рэдка выкарыстоўваецца ў паўсядзённым жыцці студэнтаў, мала хто размаўляе з сябрамі па-беларуску, калі-некалі ў пакоях інтэрната можна заўважыць кнігі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. І толькі сучасная беларуская музыка ўсё часцей даносіць да моладзі беларускае слова.

Па-беларуску добра спяваць, бо мова наша напеўная і мілагучная. Беларускае слова можа перадаць разнастайныя інтанацыі і розныя сэнсы, але вельмі хочацца, каб роднае слова несла дабро, мір, спакой – толькі станоўчыя эмоцыі. У імкненні да гэтага студэнцкі савет інтэрната № 10 БДМУ арганізаваў акцыю “Мы размаўляем па-беларуску – і вы размаўляйце з намі!”.

Размаўляйце разам з намі!

З прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах.

І не саромейціся недасканалай гаворкі.

Мова – жывая тканіна, прарастае там,

Дзе крынічыць людское жаданне.

Студэнтам інтэрната № 10 на працягу тыдня прапанавалі дзяліцца добрымі пажаданнямі на беларускай мове з суседзямі і сябрамі. Найлепшыя словы будуць пачуты сусветам, і мары, несумненна, спраўдзяцца. І абавязкова будзе жыць наша беларуская мова, бо яна частка нашай ідэнтычнасці, сімвал нашага шчаслівага жыцця.

Студэнцкі савет інтэрната № 10 БДМУ, фота прадастаўлена студсаветам