Настольны тэніс у «дзесятцы»

Настольны тэніс – індывідуальная спартыўная гульня. Кожны тэнісіст імкнецца праявіць свае лепшыя якасці: спрыт, канцэнтрацыю ўвагі, уменне хутка прыняць рашэнне. У інтэрнаце № 10 БДМУ быў праведзены турнір, дзе спаборніцтвы ішлі не столькі ў індывідуальным, колькі ў камандным заліку. Каманда кожнага паверха інтэрната складалася з двюх дзяўчын і аднаго юнака. Спаборніцтвы праходзілі некалькі дзён. Каманды падзялілі на групу А і групу В.

21 лютага прайшлі гульні ў групе А, па выніках якіх ў першы фінал выйшлі 10 і 6 паверхі. На другі дзень вызначыліся лепшыя і ў групе В: 8 і 13 паверхі.

28 лютага адбыўся фінал, на які ў якасці гасцей і  ганаровых суддяў былі запрошаны лепшыя тэнісісты БДМУ мінулых гадоў: Канстанцін Сяргеевіч Запрудскі,  выпускнік 2021 года, урач Мінскай абласной клінічнай бальніцы, і першая ракетка ўніверсітэта, выпускнік 2019 года, а зараз урач-анколаг Вілейскай ЦРБ Патрык Вітальевіч Юзэфовіч.

У выніку – трэцяе месца заняла каманда 13 паверха ў складзе Анастасіі Балоцінай, група 2514, Анастасіі Гардзіевіч, група 1520, Мікалая Дзенісовіча, група 1428. За першае месца змагаліся 8 і 10 паверхі. Поспех быў на баку каманды 10 паверха, гонар якога абаранялі Анастасія Кандратава, група 1617, Ганна Шпак, група 3505, Аляксандр Мурашка, група 1102. Другое месца ў
8 паверха, які прадстаўлялі Аляксандра Чыжонак, група 1405, Паліна Казінец, група 1432, Павел Жданаў, група 1313.

Ганаровыя госці мерапрыемства прынялі ўдзел у падвядзенні вынікаў турніру, яны з настальгіяй узгадвалі свае студэнцкія спаборніцтвы, ацэньвалі арганізацыю фіналу, дзяліліся вопытам з членамі стартыўнага сектара інтэрната, які нядаўна ўзначальвалі самі, і ганарыліся тым, што іх працу працягваюць дастойныя спартыўных традыцый інтэрната студэнты. Так, Аляксандра Чыжонак, якая зараз кіруе спартыўным сектарам, з'яўляецца лепшай тэнісісткай БДМУ не толькі сярод дзяўчын, але і сярод юнакоў.

Віншуем прызёраў і ўдзельнікаў турніру!

Спартыўны сектар інтэрната 10 БДМУ, фота прадастаўлена спартыўным сектарам