Мова... Родная мова. У марах, у песнях, у снах…

Мова... Родная мова. У марах, у песнях, у снах…

Кафедра эпідэміялогіі БДМУ далучылася да агульнаўніверсітэцкай акцыі "Тыдзень беларускай мовы i культуры", прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы.

Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года, ён адзначаецца кожны год з лютага 2000-га для садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю. Родная мова – гэта выражэнне самасвядомасці і сувязі пакаленняў. Яна цесна звязана з гісторыяй этнасу, забяспечвае яго адзінства і становіцца залогам арыгінальнасці, фарміруе непарыўную сувязь паміж яе носьбітамі і служыць асновай для народа.

У рамках святкавання такой важнай для кожнага беларуса даты выкладчыкамі кафедры эпідэміялогіі Юрыем Кузьмянковым, Таццянай Даражэнкавай, Тамарай Гузоўскай, Людмілай Камарчук арганізаваны і праведзены рознабаковыя мерапрыемствы, у якіх прынялі ўдзел студэнты
3, 4 і 5-га курсаў медыка-прафілактычнага факультэта 3308, 3402, 3502 груп.

Юрый Мікалаевіч пазнаёміў студэнтаў групы 3308 з гісторыяй узнікнення Міжнароднага дня роднай мовы. Дата святкавання прымеркавана да памяці падзей 21 лютага 1952 года, калі ў Дацы, сталіцы цяперашняй Бангладэш, ад куль паліцэйскіх загінулі студэнты – удзельнікі дэманстрацыі ў абарону сваёй роднай мовы бенгалі, якую яны патрабавалі прызнаць адной з дзяржаўных моў краіны. Асаблівую ўвагу Юрый Кузьмянкоў надаў беларускай мове.


p1.jpeg
p2.jpeg

Для студэнтаў груп 3402 і 3502 экскурс у гісторыю свята і значэнне яго для розных краін і народаў правяла Таццяна Яўгенаўна. Студэнты даведаліся пра найбольш распаўсюджаныя на планеце мовы і мовы, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (як мінімум 40 % з 7000 моў, якія выкарыстоўваюцца ва ўсім свеце), прынялі ўдзел у інтэрактыве па перакладзе цікавых і малавядомых слоў з беларускай мовы на рускую.

p3.jpeg

Віктарына «Цi ведаеш ты беларускую мову і культуру?», праведзеная Людмілай Уладзіміраўнай, дазволіла пасапернічаць студэнтам, ўспомнiць і падрабязней пазнаёміцца з народнымі святамі, танцамі, прыказкамі і фразеалагізмамі, крылатымі выразамі беларускіх класікаў, сімваламі беларускага народнага арнаменту.


p4.jpeg
p5.jpeg

p6.jpeg
p7.jpeg

Бясспрэчна, што асабліва меладычна гучыць беларуская мова ў вершах. Тамара Сяргееўна зачытала творы вядомай на ўвесь свет паэткі Яўгеніі Янішчыц, якую ў Беларусі называюць “ластаўка Палесся”, а Таццяна Яўгенаўна пазнаёміла студэнтаў з вершамі Генадзя Бураўкіна. Менавіта словамi з яго верша мы i завяршаем нашу акцыю:

Я ведаю:

Нядобрых моў няма,

У кожнай мілагучнасць ёсць і сіла…


Таццяна Даражэнкава, Тамара Гузоўская, дацэнты кафедры эпідэміялогіі БДМУ, Юрый Кузьмянкоў, старшы выкладчык кафедры эпідэміялогіі, Людміла Камарчук, намеснік загадчыка кафедры эпідэміялогіі па выхаваўчай рабоце, фота аўтараў