"Каб чалавек жыў як чалавек…"

Пад такой назвай у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь праходзіць літаратурна-мастацкая выстава, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Івана Мележа і Івана Шамякіна. Студэнты медыка-прафілактычнага факультэта, якія жывуць у інтэрнаце № 3, сталі наведвальнікамі гэтай выставы.

У экспазіцыі прадстаўлены творы пісьменнікаў з аўтографамі майстроў слова. Наведвальнікі змаглі таксама ўбачыць ілюстрацыі да твораў пісьменнікаў, што дапамагаюць раскрыць свет пачуццяў, характараў літаратурных герояў.

Асаблівую цікавасць у студэнтаў выклікала гісторыя стварэння  трылогіі “Палеская хроніка”, рамана “Мінскі напрамак” Івана Мележа, пенталогіі “Трывожнае шчасце”, рамана “Сэрца на далоні” Івана Шамякіна. Кожны з гэтых твораў – хвалюючы роздум пісьменнікаў пра час, жыццё, каханне. Сюжэты ім падказвала само жыццё. Відаць, таму гэтыя творы нязменна знаходзяць водгук у сэрцах чытачоў і сёння.

Ніна Сысова, выхавацель інтэрната № 3 БДМУ, Таццяна Капылова, намеснік дэкана медыка-прафілактычнага факультэта па выхаваўчай рабоце