Жывая песня Максіма Багдановіча

9 снежня 2021 года адзначалася 130 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Ён унікальная з’ява ў свеце літаратуры. Яго імя стаіць на адным п’едэстале з Якубам Коласам, Янкам Купалам і ўсімі тымі, каго мы лічым сінонімам беларускасці, хто стаў стваральнікам новай беларускай літаратуры і, канечне ж, мовы ў яе найпрыгажэйшым варыянце.

Нарадзіўся Максім Багдановіч 9 снежня 1891 года ў Мінску ў інтэлігентнай сям’і, рана страціў маці, але ў спадчыну ад яе назаўсёды атрымаў жывы характар і душэўную чысціню. Са слоў бацькі Адама Ягоравіча, паэтычны талент Максіма быў “дарэннем яго маці, у ёй драмаўшым у неразвітым стане”.

Цікавасць да паэзіі Багдановіча не губляецца і зараз. Рамантычная, вобразная, поўная надзей і памкненняў, яна знаходзіць водгук у сэрцы кожнага, хто ўмее любіць жыццё, быць верным сабе, кахаць і марыць.

Мы адзначылі 130-гадовы юбілей песняра і з вялікай пашанай прачыталі яго вершы, успомнілі лёс, прагледзелі фільм, які адкрыў цікавыя моманты з біяграфіі майстра слова.

Максім Багдановіч стаў сапраўднай пуцяводнай зоркай, якая ўжо больш за стагоддзе ззяе на небасхіле беларускай культуры і сваім незгасальным святлом натхняе новыя і новыя пакаленні працягваць традыцыі нацыянальнага прыгожага пісьменства менавіта на роднай мове.

Алеся Носік, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў БДМУ, фота аўтара