Успамінаем класіку

Як у сучасных абставінах можна далучыць моладзь да свайго, роднага? Вельмі проста: даць магчымасць паглядзець на прывычнае з іншага ракурсу. Вось і знакаміты твор народнага песняра Беларусі Янкі Купалы «Раскіданае гняздо», вядомы ўсім нам яшчэ са школьных гадоў, як аказалася, зусім па-новаму ўспрымаецца са сцэны тэатра. 5 красавіка мы са студэнтамі 8101 фармацэўтычнага факультэта пераканаліся ў гэтым, наведаўшы ў чарговы раз Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.

Змест, падача, атмасфера ў зале – усё суіснавала ў адзіным эмацыйным перажыванні, як гэтага хацеў, відаць, і сам аўтар. Бясспрэчна, ігра акцёраў у гэтым мела вырашальнае значэнне: шчырыя слёзы, боль і глыбокі патрыятызм.

Вось як апісалі свае ўражанні некаторыя студэнты:

«Мяне ўразіў гэты спектакль. Прымусіў задумацца і спачуваць героям. Акцёры быццам бы жылі сапраўды ў гэтым часе, абставінах, адчувалі менавіта гэтыя пачуцці. Таксама прыемным было тое, што спектакль гучаў на беларускай мове. Лічу, што кожны беларус у сваім жыцці павінен наведаць гэты спектакль і адчуць тое, што адчувала я і мае аднагрупнікі. Дзўякую настаўніку за магчымасць пабываць у такім цудоўным месцы».

«Ігра акцёраў была на высокім узроўні. Яны прымусілі мяне зноў задумацца аб кошце жыцця. Дзякуй, вялікі дзякуй тым, хто робіць такую вялікую справу – ажыўляе кніжныя радкі, не дае забыцца пра пісьменнікаў і даносіць да чалавечага сэрца ўсю праблематыку і сутнасць чалавечага жыцця. Я лічу, што спектакль «Раскіданае гняздо» будзе актуальным яшчэ доўгія гады, а, можа, і ўвогуле заўсёды. Яго трэба паказваць на сцэне, каб падрастаючае пакаленне атрымлівала нейкія ўрокі і пазбягала памылак у будучым».

Ужо 135 гадоў прайшло з дня нараджэння Янкі Купалы, але яго спадчына і сёння займае самае пачэснае месца ў беларускай культуры. Наша мінулае, якім бы цяжкім яно ні было, яднае нас і дазваляе ўспомніць, што мы моцная нацыя, здольная перажыць любыя цяжкасці лёсу і быць шчаслівымі.

Старшы выкладчык А.А.Носік