Тыдзень беларускай мовы і культуры ў БДМУ – 2022

21 лютага абвешчаны ЮНЕСКА Міжнародным днём роднай мовы. З гэтай нагоды ў БДМУ штогод праводзіцца Тыдзень беларускай мовы і культуры.

Пачаткам Тыдня стала ўрачыстае адкрыццё, якое адбылося 21 лютага. Ад імя рэктара ўніверсітэта з прывітальным словам выступіў прарэктар па выхаваўчай рабоце Павел Віктаравіч Маркаўцан. Ён выказаў думку, што мова займае вялікае месца ў нашым жыцці і падкрэсліў важнасць захавання беларускай мовы для далейшага развіцця нашай нацыі.

Цёплыя словы ў адрас беларускай мовы выказаў таксама дэкан факультэта прафарыентацыі і давузаўскай падрыхтоўкі Мікалай Канстанцінавіч Альховік. Сваё выступленне ён падмацаваў прыкладамі з гістарычнага мінулага нашай краіны, звярнуўшы увагу на перыяды росквіту і заняпаду мовы, і зрабіў слушную прапанову больш размаўляць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці.

У працяг сустрэчы прагучалі кранальныя словы загадчыка кафедры беларускай і рускай моў Таццяны Мікалаеўны Мельнікавай, якая параўнала родную мову з маці, з радзімай, без якіх чалавек не можа адбыцца ні як асоба, ні як грамадзянін сваёй краіны. А далей яна зачытала свае любімыя радкі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, чым прадэманстравала і багацце нашай мовы, і схаваныя ў ёй непаўторныя рысы беларускай душы, і, канечне ж, асабістую любоў да роднай культуры.

 

Загадчык секцыі беларускай мовы кафедры беларускай і рускай моў Алеся Анатольеўна Носік павіншавала прысутных з Днём роднай мовы, прыгадала гісторыю свята, а таксама падкрэсліла, што ў нашы дні веданне беларускай мовы з’яўляецца неад’емным атрыбутам высокаадукаванага, інтэлігентнага і культурнага чалавека.

22 лютага студэнты і ўсе жадаючыя маглі далучыцца да інтэрактыўнай акцыі “Маё любімае слова на-беларуску”. Найбольш высокую цікавасць да яе праявілі студэнты. З захапленнем і ахвотай ім хацелася напісаць як мага больш слоў, якія надзвычай трапна перадаюць самабытнасць беларускай мовы і яе непаўторнае гучанне.

 

Важнай падзеяй Тыдня стала Вялікая дыктоўка па беларускай мове, якая прайшла 23 лютага. Праверыць свае веды змаглі нашы студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта. Найлепшыя вынікі паказалі студэнткі 1-га курса лячэбнага факультэта Паліна Пінчук (група 1107), Вікторыя Чарненка (група 1117), Паліна Дэкостэр (група 1104). Яны бездакорна напісалі дыктоўку, не дапусціўшы ніводнай памылкі. Віншуем!

З інтарэсам студэнты паўдзельнічалі ў віктарыне “Мая Бацькаўшчына”. Паміж сабой сапернічалі каманды “Валошкі” (група 1109) і “Жарынкі” (група 1110), якія прадэманстравалі глыбокія веды па гісторыі, этнаграфіі, мове, фальклоры і культуры Беларусі. Гэта было напружанае інтэлектуальнае спаборніцтва: сапернікі бліскуча адказвалі на самыя складаныя пытанні і пераможцаў вызначалі літаральна долі секунды. Лепшай стала каманда “Жарынкі”, апярэдзіўшы сапернікаў на 2 балы.

 

У гэтым годзе былі выкарыстаны і новыя формы творчага выражэння: студэнты і выкладчыкі падрыхтавалі відэаролікі з дэкламацыяй урыўкаў са сваіх любімых беларускамоўных твораў (паэтычных і празаічных), у якіх усхваляецца прыгажосць і велічнасць беларускай мовы. Паглядзець іх можна на афіцыйных акаўнтах універсітэта ў сацыяльных сетках.

Кафедра выражае падзяку ўсім, хто прыняў удзел у нашых мерапрыемствах, і асабіста прарэктару па выхаваўчай рабоце П.В. Маркаўцану за садзейнічанне і падтрымку, а таксама загадчыку кафедры беларускай і рускай моў Т.М. Мельнікавай за натхненне і дапамогу ў правядзенні мерапрыемстваў Тыдня.

Праведзеныя мерапрыемствы паказалі, што многім з нас не хапае ў жыцці цёплых родных слоў, вершаў, песень, народнага мастацтва. Кожны дзень Тыдня мы выражалі прызнанні ў любові роднай мове, роднай зямлі, а галоўнае – далі абяцанне зберагчы беларускую мову. Бо, як вядома, адукаваны чалавек павінен ведаць не адну мову, але родная мова, мова сэрца – адна. Кожная мова, у тым ліку і наша беларуская, – гэта духоўная спадчына ўсяго чалавецтва. А кожная культура – гэта найкаштоўнейшы здабытак сусветнай цывілізацыі.

Алеся Носік, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў БДМУ, фота прадастаўлена аўтарам