Што для нас вайна?

Чым з’яўляецца вайна для кожнага з нас? Адзінага адказу на гэта пытанне даць немагчыма. Нехта пранёс яе праз ўсё жыццё, для кагосьці толькі яна і была жыццём, а іншыя ўспрымаюць яе выключна як камп’ютарную “стралялку”. Чаму сталася так, што нашчадкі ўспрымаюць подзвіг сваіх дзядоў як нейкую прыгоду? Гэтыя і іншыя маральна-этычныя пытанні ставяцца на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў глыбокім спектаклі “Дзед”, які на адным дыханні праглядзелі студэнты І і ІІ курсаў фармацэўтычнага і стаматалагічнага факультэтаў. Таленавіты акцёр і рэжысёр Дзяніс Паршын невыпадкова прызначыў прэм’еру на 23 лютага, бо для таго, каб звацца Абаронцам Айчыны, трэба сапраўды яе абараняць.

Напамін пра вайну ў яе праекцыі на сучаснасць прымушае нас глыбока задумацца, ці можам мы сёння абараніць тых, хто абараняў Радзіму цаной свайго жыцця?

Слёзы на вачах маладога пакалення – лепшае пацвярджэнне таго, што спектакль выклікае пачуццё патрыятызму і ўдзячнасці пераможцам, а таму такія спектаклі трэба глядзець як мага часцей.

Носік А. А., старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў