Повязь стагоддзяў

Як сучасная моладзь бавіць час? Вы адкажаце: гартаюць старонкі Інтэрнэта, глядзяць фільмы па тэлевізары і ў кінатэатрах, гуляюць з сябрамі, шмат размаўляюць па тэлефоне, пастаянна “сядзяць” у сацыяльных сетках. Але хацелася б сказаць, што мы таксама чытаем мноства кніг, любім абмяркоўваць важныя праблемы нашай сучаснасці, цікавімся культурай і мастацтвам. На жаль, з-за вялікай нагружанасці ў нас, студэнтаў БДМУ, застаецца вельмі мала вольнага часу. Часта не хапае сіл, хочацца проста прыйсці, заварыць духмянай кавы, легчы на канапу і ўключыць добры фільм. Але праз экран манітора нельга разгледзіць сапраўдных пачуццяў, агонь, які ўзнікае у вачах акцёра, усю радасць і ўдзячнасць на яго твары на працягу тых некалькіх хвілінак апладысментаў.

Я лічу, што ніякімі спосабамі немагчыма зразумець сэнс нейкага твора лепш, чым у тэатры. І наша група вельмі ўдзячна кафедры беларускай і рускай моў за цудоўную магчымасць наведаць разам Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Мы вучымся на першым курсе, і нам шмат чаго давядзецца прайсці разам на працягу пяці вучэбных гадоў. Хочацца, каб нас звязвалі не толькі агульныя інтарэсы ў сферы будучай спецыяльнасці, любоў да прафесіі правізара, лекцыі, экзамены, залікі, але і нешта іншае. Сумесны адпачынак у вольны час – неверагодная магчымасць даведацца нешта новае пра чалавека, якому ты амаль кожны дзень жадаеш добрай раніцы.

Нам давялося пабачыць спектакль “Кар’ера доктара Рауса”. Цягнуўся ён каля трох гадзін, але гэты час праляцеў як некалькі хвілін. Настолькі захапляючай была гісторыя Францыска Скарыны ў асэнсаванні аўтара п’есы Віктара Марціновіча. Мне здаецца, што кожны беларус хоць бы адзін раз чуў імя Францыска Скарыны. Я нават не магу ўявіць гісторыю нашай роднай зямлі без гэтага чалавека. У нашай групе ёсць удзельнікі школьных алімпіяд па беларускай мове і літаратуры, і нам здавалася, што мы добра ведаем біяграфію вядомага асветніка і нас мала чым можна здзівіць. Але ж памыляліся! На маю думку, мы толькі зараз змагла зразумець, якім цяжкім быў жыццёвы шлях гэтага чалавека. Францыск Скарына – гэта асветнік, друкар, культурны і грамадскі дзеяч. Але нам яшчэ асабліва блізка тое, што ён атрымаў адукацыю доктара медыцыны. Таму мы з вялікім інтарэсам глядзелі гэты спектакль.

Таленавітая ігра акцёраў змагла ярка перадаць характар людзей і атмасферу Сярэднявечча. Нягледзечы на тое, што дэкарацыі былі вельмі простыя, нам удалося глыбока адчуць той час і тыя падзеі. Здаецца, што можа звязваць людзей XVI і XXI стагоддзяў? Але ж услухайцеся: “Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае, і як пчолы бароняць вуллі свае, гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць”. Гучыць актуальна?

Ці не ўзнікаюць у кожнага з нас думкі аб тым, хто мы такія, адкуль мы, што значаць словы “беларус” і “беларуская мова”, ці не задумваецца кожны аб тым, што трэба любіць сваю Радзіму, шанаваць культуру і мову? Я думаю, што амаль усіх хвалююць гэтыя праблемы, таму гісторыя Скарыны не страчвае сваёй значнасці і ў наш час. Таксама хацелася б адзначыць, што барацьба галоўнага героя з цяжкасцямі, яго нежаданне змірыцца з існуючымі абставінамі вельмі натхняюць і даюць матывацыю ў вырашэнні асабістых праблем.

Мне здаецца, што гэты паход у тэатр надоўга застанецца ў сэрцы кожнага з нас. У канцы п’есы я заўважыла ў многіх аднагрупнікаў слязінкі на вачах. Увесь астатні вечар спектакль не выходзіў з галавы, мы яшчэ доўга абмяркоўвалі тое, што ўбачылі. І, напэўна, прыйшлі да вельмі значнага вываду: нашу мову трэба шанаваць і любіць хаця б за тое, што за яе змагалася такая вялікая колькасць людзей, якія свой лёс прысвяцілі служэнню роднай краіне.

Пінчукова Аляксандра, студэнтка 1 курса 8105 групы фармацэўтычнага факультэта
Выкладчык: А.І. Ушакова, кафедра беларускай і рускай моў