Паэзія ў нашым жыцці

Ледзь не кожны дзень мы сустракаемся з рыфмаваным словам. Песні, рэкламныя слоганы і, зрэдку, вершы. Але паэзія – гэта не проста зарыфмаваная думка. Харошы, сапраўдны верш – гэта таямніца. Таямніца, якая жыве доўгі час у душы чалавека і раптам становіцца даступнай іншым. Паэзія – гэта жыццё, мары і …каханне.

11 снежня 2015 г. адбылася сустрэча сучаснай беларускай паэтэсы Веры Алаксандраўны Буланды са студэнтамі І курса лячэбнага факультэта. Госцю сустрэлі вельмі прыхільна. На працягу ўсяго выступлення адчувалася, што аўдыторыя праніклася гісторыяй яе жыцця. Кожны прачытаны верш суправаджаўся міні-споведдзю, што дазваляла ўспрыняць твор больш поўна і глыбока. Адкрытасць, шчырасць Веры Аляксандраўны перадалася і студэнтам, якія з задавальненнем слухалі, задавалі пытанні і ўдзельнічалі ў гутарцы. І раптам… яна заспявала. Куплет, прыпеў, куплет, прыпеў, куплет – а прыпеў спявае ўжо ўся аўдыторыя. Тое, што пачыналася як афіцыйная сустрэча, неўзабаве ператварылася ў таварыскую бяседу, дзе пануе атмасфера даверу і ўзаемаразумення.

У сённяшняй кіберпрасторы вельмі важна не забываць пра тое, што ў цябе ёсць душа. Трэба поўніць яе, жывіць, падсілкоўваць мілагучным родным словам. А спатканне з  вершамі на беларускай мове не толькі карыснае, але і дае магчымасць пераканацца, што наша родная мова дастаткова развітая, каб перадаць самыя тонкія, самыя інтымныя мелодыі душы.

А. А. Носік, выкладчык беларускай мовы кафедры беларускай і рускай моў.