Лёс беларуса за паўтары гадзіны

Сапраўднае свята для кожнага аматара прыгожага слова стварылі акцёры РТБД 25 сакавіка. “Адвечная песня” – візітоўка тэатра, якая пачынала кожны новы тэатральны сезон, у апошні раз была пастаўлена на сцэне любімага тэатра. Прысутнічаць там, дзівосным чынам перанесціся ў атмасферу беларускага побыту пашчасціла і нашым студэнтам І курса фармацэўтычнага факультэта групы 8103. Пранікнёныя выказванні пасля спектакля – яскравы паказчык таго, што класіка ва ўсе часы будзе глыбока кранаць душу кожнага беларуса, асабліва калі дзейства па-майстэрску выканана першакласнымі акцёрамі Ігарам Сігавым і Таццянай Мархель.

Вось такімі словамі выказала свае ўражанні ад прагляду Корбут Яна:

“Уваходзіш у залу, вакол разліта цёплае святло, што нібыта падказвае: "Заходзь, дружа, тут добразычлівая атмасфера".

Мы занялі свае месцы ў невялікай, але ўтульнай зале. Дачакаліся традыцыйнага трэцяга званка. І пачалося нешта падобнае на рухавік часу. Мінулае ў сучасным. Казачнае і таямнічае ў шэрай рэальнасці. На сцэне з'явіліся акцёры, але здавалася, што гэта простыя людзі са сваімі клопатамі, болем і радасцю, а мы назіраем за імі праз шкло...

У пастаноўцы расказвалася пра жыццё звычайнага чалавека, селяніна-беларуса, побыт нашых продкаў. Энергія, што неслі акцёры, ведучы свой аповед, праходзіла нібыта праз гледача, перадаючы жах і роспач, шчырую радасць і захапленне, пачуццё безвыходнасці і адчуванне надзеі. Часам узнікала жаданне разам з акцёрамі пусціць слязу або шчыра засмяяцца, радуючыся разам з імі. Яны перадавалі вясёлку пачуццяў і здарэнняў пры дапамозе спеваў і танцаў, захапляючы сваёй шчырасцю. 

Касцюмы надавалі свой смак і непаўторную "разынку" ўсёй пастаноўцы, дапамагалі адчуць сябе там, далёка ад нашага часу. Гэтак жа працавала і святло, выдатна падабранае да кожнай сцэны. Так, не дзіва, святло таксама размаўляла з гледачамі, выказваючы свае думкі.

Але асабліва кранула, на мой погляд, менавіта беларускае слова, што гучала з гэтай невялікай, па-хатняму ўтульнай сцэны. Менавіта яно было галоўным кампанентам таго "рэцэпта", што адправіў нас у даўніну. Менавіта яно і народныя матывы, што былі  разбаўлены ноткай сучаснасці, стваралі такую ўтульнасць і настрой. 

Аб уражаннях іншых гледачоў магу сказаць тое, што зала, стоячы, выклікала акцёраў на сцэну 4 разы доўгімі апладысментамі. У некаторых з гэтых незвычайных людзей можна было заўважыць слёзы ў вачах. Мы дзякавалі ім сваімі апладысментамі за магчымасць пражыць гэтыя гадзіны разам са сваімі продкамі”.

Яна Корбут, студэтка фармацэўтычнага ф-та
Алеся Носік, старшы выкладчык