Алімпіяда па арганічнай хіміі: перамаглі студэнты другога курса фармацэўтычнага факультэта

На кафедры біяарганічнай хіміі БДМУ адбыўся III практычны тур студэнцкай алімпіяды па арганічнай хіміі. Перад гэтым прайшлі I (адборачны) і II (практыка-арыентаваны) туры. Студэнты фармацэўтычнага факультэта праявілі вялікую цікавасць да мерапрыемства: удзел у першым этапе бралі 24 студэнта.

На II туры студэнтам прапанавалі чатыры сітуацыйныя задачы, звязаныя з распрацоўкай і ўласцівасцямі арганічных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці лекавых сродкаў. Так, студэнты тлумачылі неабходнасць мадыфікацыі будовы злучэнняў-кандыдатаў, у выніку якой было атрымана рэчыва з патрэбнымі фізіка-хімічнымі ўласцівасцямі. Такi ж шлях (толькі з рэальнымі сінтэзам і клінічнымі выпрабаваннямі) прайшлі даследчыкі, якія стварылі адзін з найбольш распаўсюджаных лекавых сродкаў “Амепразол”. Таксама былі прапанаваны дзве сітуацыйныя задачы, у якіх разглядаліся пытанні сінтэзу, вывучэння будовы і ідэнтыфікацыі цынханаінаў, прадстаўнікоў біялагічна актыўных трыцыклiчных флаваноідаў. Яшчэ адная сітуацыйная задача прапаноўвала студэнтам знайсці адказ на пытанне пра прычыны мадыфікацыі натыўнага тэтрапептыду, што дазволіла даследчыкам у рэальным працэсе драг-дызайну атрымаць рэчыва з супрацьпухліннай актыўнасцю, пры гэтым устойлівае да ўздзеяння метал-асыцыянаваных пептыдаз.

Рашэнне сітуацыйных задач II тура патрабавала ведання не толькі арганічнай хіміі, але і сумежных медыка-біялагічных і фармацэўтычных дысцыплін. Інтэграцыя ведаў з розных галінаў вельмі важная для фарміравання хіміка-фармацэўтычнага мыслення. У гэтым арганічная хімія адыгравае значную ролю, бо вучыць аналізаваць структуру рэчываў і магчымых напрамкаў яе мадыфікацыі як аснову праявы біялагічнай актыўнасці і павышэння біядаступнасці.

У III туры сямёра студэнтаў, якія былі лепшымі па выніках папярэдніх тураў, правялі якасны функцыянальны аналіз узораў, што былі прыгатаваныя на аснове лекавых сродкаў. Пераможцамі алімпяды сталі студэнты 2-га курса фармацэўтычнага факультэта Дар’я Лагун (8205 група) і Таццяна Матвеенка (8205 група).

Сярод арганізатараў алімпіяды і членаў журы былі прадстаўнікі розных галiнаў ведаў: загадчык кафедры біяарганічнай хіміі, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Вольга Мікалаеўна Рынейская, дацэнты кафедры – кандыдаты хімічных навук Фёдар Фёдаравіч Лахвіч, Аксана Фамінічна Краецкая і Галіна Паўлаўна Фандо.

Кафедра біяарганічнай хіміі БДМУ, фотаздымкі прадастаўлены кафедрай