Як мы наведалі музей Янкі Купалы

Пасля пранізлівых, халодных вятроў у канцы верасня прыйшло нарэшце сапраўднае бабіна лета – яснае, цёплае, рознакаляровае і такое ласкавае. У поўнай меры мы ацанілі яго прыгоства, калі  з нашым выкладчыкам Клімавец Вольгай Паўлаўнай накіраваліся ў Літаратурны музей Янкі Купалы і перад гэтым прагуляліся па цэнтры нашай сталіцы. Які ж цудоўны горад Мінск! Мы зрабілі некалькі фотаздымкаў на памяць.

У музеі нас чакала цікавая экскурсія. Вольга Генадзьеўна, супрацоўніца музея і экскурсавод, імкнулася цікава расказаць нам пра жыццё і творчасць пісьменніка. Даведаўшыся, што мы вучымся на падрыхтоўчым аддзяленні медуніверсітэта, яна звярнула ўвагу на ролю медыкаў у біяграфіі Я. Купалы. Так, на выданне першага зборніка твораў «Жалейка» сродкі выдаткаваў вядомы пецярбургскі доктар, зямляк паэта. Дактары ратавалі паэта і ў 1932 г. пасля спробы самагубства з-за неабгрунтаваных абвінавачванняў улады.

Экскурсія «Шляхамі паэта» зрабіла надзвычай добрае ўражанне. Асабліва мне спадабалася тое, што музей аснашчаны найноўшымі сучаснымі тэхналогіямі. У кожнай зале працуе свая тэхналагічная апаратура (3D галаграфічны апарат, аўдыёзапісы і многае іншае ). Тым самым ствараецца непаўторная атмасфера. У кожнай зале экскурсавод рабіла акцэнты на вельмі важныя падзеі ў жыцці пісьменніка, якія паўплывалі на яго шлях. Усё гэта лепш дапамагала нам зразумець жыццё нашага класіка – волата беларускага духу.

Я вельмі задаволена тым, што пабывала ў гэтым цудоўным музеі. І запрашаю Вас наведаць яго, каб лепш зразумець, які велізарны ўклад зрабіў наш знакаміты пісьменнік у развіццё айчыннай літаратуры.  

Шабанава Юлія, 7 група падрыхтоўчага аддзялення