Цікавая вандроўка.

На мінулым тыдні мы, слухачы 7-й групы падрыхтоўчага аддзялення, з нашым куратарам Вольгай Паўлаўнай Клімавец наведалі Дзяржаўны Літаратурны музей Янкі Купалы. Ён знаходзіцца ў адным з самых маляўнічых куточкаў сталіцы, у скверы насупраць цырка. Сфатаграфаваліся каля помніка песняру і пайшлі глядзець экспазіцыю "Шляхамі паэта".

Музей дае выдатнае ўяўленне аб жыцці і творчасці Янкі Купалы. Там сабраны ўнікальныя экспанаты: асабістыя рэчы паэта, рукапісы, аўтографы, шматлікія работы мастакоў, старадаўнія прылады працы і быту продкаў. Мы пабачылі рабочы кабінет Янкі Купалы, яго гасцёўню, нават галаграфічную фігуру самаго паэта, пачулі яго голас. Экскурсавод Павел Каралёў расказаў нам аб трагічнай смерці паэта, паказаўшы фрагмент лесвіцы з гасцініцы, дзе загінуў Купала.

Музей абсталяваны ў сучасным стылі і аснашчаны найноўшымі інтэрактыўнымі тэхналогіямі. Дзякуючы ім можна, не выходзячы з музея, пабываць і ў Вязынцы, на радзіме паэта, і ў Ляўках, дзе Купала жыў летам, у Акопах, у Пецярбургу, дзе ён вучыўся на Чарняеўскіх курсах і жыў у прафесара Б.Эпімах-Шыпілы.

Музей шмат робіць для азнаямлення наведвальнікаў з гісторыяй жыцця паэта і ўвогуле спрыяе развіццю цікавасці і любові да роднага краю, да нашай культуры і мовы.

Раім усім пабываць у гэтым выдатным музеі!

Яўгенія Тункіна