Самы дарагі чалавек

Сэрца маці – бездань, на дне якой заўсёды знойдзецца прабачэнне.

Анарэ дэ Бальзак

Так, як маці, на свеце ніхто не ўмее
За дзяцей хвалявацца і перажываць.
Так, як маці, ніхто не ўмее на свеце
Немаўлят сваіх песціць, калыханку спяваць.
Так, як маці, нікто цябе не разумее,
Яна словам суцешыць заўсёды ў бядзе.
Ад матуліных слоў цэлы свет харашэе,
Не, ніхто не заменіць, матуля, цябе, –
сцвярджае Яўген Крупенька ў вершы «Мама».

Чаму замест класічнага ўступу я ўзяла гэты верш? Таму што гэтыя радкі вельмі красамоўныя. Напраўду, маці – гэта і ёсць самы дарагі, самы любімы, самы родны чалавек на свеце! Да каго ты ці я пойдзем, калі патрэбна дапамога? Ці, наадварот, каму ты першым раскажаш добрую навіну? Сябру? Можа быць, але найпершым сябрам усяго жыцця для чалавека павінна быць маці. Не Мікола, не Маша, а мама, таму што гэта той адзіны чалавек, які стапрацэнтна ніколі не зробіць дрэннага, не скажа крыўднага і не параіць непатрэбнага. Таму шануй яе, як шанаваў бы нешта самае каштоўнае. Гэта і ёсць самае каштоўнае ў тваім жыцці.

Удумайся… Маці – гэта тая, хто аберагае цябе ад самай першай хвіліны твайго нараджэння. Хто яшчэ стаў бы так клапаціцца пра цябе? Ад самага першага кроку і да гадоў даросласці, а нярэдка і пасля, мама – наша Берагіня, наш анёл-ахоўнік.

Мама, мамачка, матуля… Ці ёсць на свеце слова, якое гучыць больш мілагучна? Няма, таму што ў гэтае слова ўкладзена ўсё мацярынскае цяпло, любоў, дабрыня і пяшчота. Ніякая іншая жывая істота на нашай планеце не валодае гэтымі якасцямі. Толькі мамы надзелены вялікай сілай любові, прычым яны любяць сваіх дзяцей не за нешта канкрэтнае, а проста за тое, што яны ёсць.

Калі я разважаю пра мацярынскую любоў і самаахвярнасць, то на розум мне прыходзіць прытча пра юнака, які па загаду каханай прынёс ёй у ахвяру матчына сэрца. Калі сын бёг з сэрцам у руках, ён спатыкнуўся, моцна ўдарыўся аб камень і застагнаў. І сэрца адгукнулася: «Ідзі цішэй! Табе ж баліць…». Гэтая матчына самаахвярнасць – вышэйшая выява шчырай бязгрэшнай любові, якую можа даць толькі такі чалавек, як матуля. Гэтую любоў нельга вымераць, вызначыць, бо яна – дар звыш, як і само жыццё. Тыя людзі, што ўмеюць складваць думкі ў вершы, пішуць пра маці цудоўныя радкі, ад якіх наварочваюцца слёзы, радкі, у якіх ляжыць уся праўда пра матчыныя якасці. Таму я змясціла адзін з іх упачатку.

Ніколі не крыўдзі яе. Яна не скажа табе, чаму плача, калі ты ўбачыш слёзы на яе твары. І ніколі не здагадаешся, чаму. Гэта той чалавек, які прымае ўсе непаразуменні, любую нязначную сварку за нешта вялікае і дрэннае, прымае да самага сэрца.

Не рабі так, каб на матчыным твары праз цябе былі слёзы гора. Лепш рабі тое, дзякуючы чаму ты ўбачыш слёзы шчасця і радасці. Не дай самага дарагога чалавека нікому пакрыўдзіць. Паказвай ёй сваю любоў, яе значнасць для цябе. Беражы тое адзінае шчырае шчасце ўсяго жыцця. Рабі так, каб матуліна жыццё толькі падаўжалася. Яна дала табе гэтае жыццё, а ты дапамагай ёй.

Любі, шануй, дапамагай, узнось. Рабі ўсё магчымае, каб толькі маці было добра. А калі рабіць наадварот – страціш не толькі маці, але і сябе. Думаецца, што М. Джаліль вельмі справядліва зазначыў: «Мы будзем вечна праслаўляць тую жанчыну, чыё імя Маці».

Анжаліка Васілеўская, слухачка групы 5106