“Патрэбны чалавеку чалавек…”

Бясконца можна глядзець на тры рэчы: на агонь, на ваду і на тое, як твае аднагрупнікі збіраюцца некуды выйсці разам. Але ж другі курс стаматалагічнага факультэта вырашыў ушчэнт знішчыць дадзены стэрэатып: 5 красавіка мы з выкладчыкам беларускай мовы Носік Алесяй Анатольеўнай пайшлі на спектакль “Дзед” рэжысёра Д. Паршына ў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і не пашкадавалі.

Першы званок, другі, трэці… І вось яно, пачалося! З першай хвіліны падзеі на сцэне ўзялі за душу. Вельмі натхняльным, глыбокім і актуальным падалося нам тэатральнае прадстаўленне – не пакінуў раўнадушным нікога талент акцёраў, удала падабранае музычнае суправаджэнне, асвячэнне…

У цэнтры дзеяння – Сяргей Васільевіч, ветэран вайны, які, на жаль, быў адзінокі сярод сваіх жа “любячых” сваякоў. На першы погляд ён здаецца пераборлівым, капрызным дзедулем, які ўсімі магчымымі сродкамі спрабуе прыцягнуць да сябе ўвагу (зусім неяк па-дзіцячы), але потым становіцца зразумелай яго сумленнасць, дабрыня, чыстасардэчначсць. Лёс героя прымусіў усіх нас задумацца, выклікаў у кожнага свае думкі, успаміны і пачуцці, а некаторых гэта нават кранула да слёз.

Сярод герояў былі такія, якіх зусім нельга назваць зразумелымі, простымі – не адна спрэчка прагучала сярод гледачоў наконт унука Генкі. Кожны з нас застаўся пры сваім меркаванні… Хочацца, канечне, верыць у дабрыню людзей!

“Все прочувствовалось! Начиная с интонации и заканчивая дрожанием рук главного героя, когда ему в конце отдавали его военную форму,” – выказала сваё меркаванне адна з маіх аднагрупніц. Акцёры па-майстэрску выканалі свае ролі – падчас пастаноўкі мы спачувалі дзеду, абураліся разам са Сцяпанам, здзіўляліся падзеям навокал з Нінай Іванаўнай, былі ўзрушаныя глупствам і хамствам рабочых…

Нянавісць, крыўда, спачуванне, надзея, жаль, радасць, зайздрасць… Здаецца, што агульнага можа быць паміж такімі рознымі пачуццямі? Калі падумаць, то можна знайсці толькі адзін адказ: іх усе можна адчуць разам з акцёрамі тэатра.

Усім, хто іграў у спектаклі, хочацца сказаць вялікі дзякуй! З задавальненнем наведаем яшчэ якую-небудзь пастоноўку!

Коўшык Алена, стаматалагічны ф-т, 2 курс, гр.7203