Калi прафесiя стала жыццём

Кожная кафедра лічыць за гонар мець у сваім складзе прафесара. Гэта своеасаблівы арыенцір, прыклад адданасці сваёй справе, асэнсавання свайго прызначэння і служэння абранай прафесіі.

Так, 20 сакавіка 2019 года Прэзідыумам Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь было прысвоена вучонае званне прафесара па спецыяльнасці “Мовазнаўства” дасведчанаму спецыялісту, высокаму прафесіяналу, высакароднаму чалавеку і проста прыгожай жанчыне Наталлі Уладзіміраўне Чайцы, якая працуе з 2017 года на кафедры беларускай і рускай моў.

Нарадзілася яна ў г. Мінску ў сям’і рабочых. У 1986 годзе скончыла Мінскае музычнае вучылішча ім. М. Глінкі. У 1994 годзе стала выпускніцай філалагічнага факультэта БДУ. З гэтага часу і вырашыла займацца навуковымі даследаваннямі ў галіне беларускага мовазнаўства. У 1997 г. скончыла  аспірантуру пры філалагічным факультэце БДУ, абараніла кандыдацкую дысертацыю. У 2016 г. прысвоена ступень доктара філалагічных навук, абаронена дысертацыя на тэму “Тыпалогія канструкцый з эліпсісам дзеяслова ў сінтаксічнай сістэме сучаснай беларускай літаратурнай мовы”. 

З 1997 года Наталля Уладзіміраўна працуе ў БДПУ імя Максіма Танка. Чытала лекцыі па дысцыплінах “Параўнальная граматыка ўсходнеславянскіх моў”, “Сучасная беларуская літаратурная мова”, “Кірылічная палеаграфія”, “Асновы лінгвакультуралогіі”, “Асновы беларусістыкі” (у тым ліку і для замежных студэнтаў), “Актуальныя праблемы беларускай  мовы”, “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”, “Практыкум па беларускай мове”.

З'яўляецца навуковым кіраўніком курсавых і дыпломных работ студэнтаў, работ магістрантаў і аспірантаў. Даследаванні аспірантаў прафесар праводзіць на аснове распрацаванай уласнай метадалогіі – кампенсаторнай сінтаксічнай тыпалогіі.

Н.У. Чайка ўваходзіла ў склад выканаўцаў фундаментальных навуковых даследаванняў “Нацыянальная мова і нацыянальная культура: аспекты ўзаемадзеяння” (2007-2010), “Cicтэмна-структурныя асновы беларускай лiтаратурнай мовы” (2006-2010 гг.), “Сучасная беларуская лiтаратурная мова: нормы, дынамiка, функцыянаванне” (з 2011), “Нацыянальная мова і мовазнаўства на сучасным этапе: стан, кірункі даследаванняў, перспектывы развіцця” (з 2012), прымала ўдзел у напісанні вучэбна-метадычных і вучэбных дапаможнікаў, раздзела ў граматыцы беларускай мовы, аўтар манаграфіі і даследаванняў у галіне сінтаксісу сучаснай беларускай мовы.

Пры распрацоўцы і выкладанні курсаў галоўным Наталля Уладзіміраўна бачыць апору на перадавы педагагічны вопыт і выкарыстанне ў працэсе навучання сучасных адукацыйных тэхналогій.

Калектыў кафедры беларускай і рускай моў шчыра віншуе Вас, шаноўная Наталля Уладзіміраўна! Жадаем плённай працы на карысць нашага народа, таленавітых студэнтаў, здароўя і поспехаў ва ўсім!

Алеся Носік, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў