Беларусь?.. Цікава! Міжуніверсітэцкая лінгвакраязнаўчая віктарына ў БДМУ

У рамках Тыдня беларускай мовы і культуры 15 сакавіка 2018 года ў БДМУ была арганізавана і праведзена міжуніверсітэцкая лінгвакраязнаўчая віктарына “Беларусь?.. Цікава!”.

Віктарына праводзілася з мэтай фарміравання найбольш поўнага і шматграннага ўяўлення аб Беларусі як краіне, каштоўнай у гістарычных і культурных адносінах не толькі для сябе самой, але ў кантэкстах еўрапейскай і сусветнай культур і цывілізацый; захаванне духоўнай і культурнай спадчыны, фарміраванне каштоўнасных адносін да гісторыі роднага краю, выхаванне ў духу грамадзянскасці і патрыятызму.

Для правядзення віктарыны быў створаны арганізацыйны камітэт (Носік А.А., Ратынская Н.В.), у функцыі якога ўваходзіла падрыхтоўка пытанняў да віктарыны, асвятленне ходу і вынікаў віктарыны, зацвярджэнне складу журы. У склад журы былі ўключаны ст. выкладчык Фацеева С.І. (ВА РБ), загадчык сектара бібіліятэкі Завалій А.Ю. (БДМУ), ст. выкладчык Колпак Н.Б. (БДМУ), ст. выкладчык Носік А.А. (БДМУ). Журы ацэньвала прадстаўленыя адказы і вызначала пераможцаў па наступных крытэрыях: паўната адказу, пісьменнасць, арыгінальнасць падачы. Адказы павінны былі прадастаўляцца своечасова па патрабаванні вядучага, за датэрміновыя правільныя адказы каманда атрымлівала дадатковыя балы.

Удзельнікамі гэтага мерапрыемства сталі каманды з некалькіх вузаў нашай сталіцы: “Авангард” з БДПУ імя М.Танка (капітан Юша Паліна), “Беларускі сектар” з ВА РБ (капітан Вабішчэвіч Сяргей), “Сябры здароўя” з БДМУ (капітан Клімук Ірына) і “Спадарыні з тэхналагічнага” з БДТУ (капітан Закрэўская Аляксандра).

Спачатку каманды адказвалі на пытанні, якія сведчылі аб тым, наколькі наша моладзь ведае гісторыю і культуру Беларусі, нашу беларускую мову і літаратуру, побыт, эканоміку і г.д. Затым былі прадэманстраваны моўныя здольнасці: трэба было патлумачыць значэнне беларускіх фразеалагізмаў і падабраць рускія адпаведнікі. А капітаны ўступілі ў бітву і папоўнілі баламі камандную скарбонку за творчае заданне, паводле якога трэба было скласці з прапанаваных асобных слоў прыказкі і прымаўкі. Вынікі віктарыны наступныя: лідарамі сталі дзве каманды – “Авангард” (БДПУ імя М.Танка) і Беларускі сектар” (ВА РБ), набраўшы па 86 балаў. Каманда “Спадарыні з тэхналагічнага” зарабілі 84 балы, а медыкам дасталася “бронза” (78 балаў).

Але самае галоўнае не балы і не прызавыя месцы, хоць трэба было бачыць, з якім спартыўным запалам змагаліся каманды, адказваючы на кожнае пытанне віктарыны. Важна, што ў зале панавала атмасфера – добразычлівая, вельмі сяброўская. І самае галоўнае – любоў да свайго, роднага, што аб’яднала ўсіх прысутных: і студэнтаў, і выкладчыкаў. 

Давайце любіць сваё!

Ратынская Наталля, Носік Алеся, ст. выкладчыкі кафедры беларускай і рускай моў