Адам і Ева ў беларускай вёсцы

Каханне… Самае светлае пачуццё, якое, аднак, можа перарасці ў сапраўдны выбух.

Адносіны мужчыны і жанчыны – гэта той вечны рухавік, без якога не было б нічога на Зямлі. І ў той жа час гэта штодзённая праца, барацьба са сваімі перакананнямі, клопат адзін аб адным і ўменне ставіць сябе на месца другой палавінкі дзеля сумеснага шчасця.

Зразумець, у чым жа сутнасць кахання і шчаслівага сумеснага жыцця, мы паспрабавалі падчас прагляду спектакля “Адамавы жарты” на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі 12 красавіка са студэнтамі 2 курса стаматалагічнага факультэта.

Перад намі прыадчыніліся дзверы, і прадставілася магчымасць паназіраць, адкуль жа “растуць ногі” сямейных канфліктаў, непаразумення, папрокаў і разладаў. Здавалася б, маладыя, прыгожыя і працавітыя Саўка і Марыська павінны жыць у любові і згодзе, але ж адкуль ні вазьміся з’явіўся Чорт і ўсё перавярнулася з ног на галаву. Закаханыя прайшлі ўсе стадыі адносін на шляху да свайго шчасця, зрабілі работу над памылкамі і пайшлі па жыцці рука аб руку.

Рэжысёр спектакля Святлана Навуменка здолела неверагодным чынам спалучыць на сцэне рэальнасць з фантастыкай, сучаснасць са старажытнасцю, аздобіць гэта музыкай і жывым, зразумелым кожнаму гумарам і падарыць нам захапляльнае падарожжа ў Краіну кахання.

Алеся Носік, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў