Нататка аб удзеле супрацоўнікаў БДМУ у 34 з’ездзе пульманолагаў Польшчы

Нататка аб удзеле супрацоўнікаў БДМУ

7-10 мая ў жывапісным курортным мястэчку “Вісла” (недалёка ад мяжы з Чэхіяй) праходзіў чарговы з’езд польскага Рэспіраторнага Таварыства, у якім прыняло ўдзел больш за  тры тысячы ўдзельнікаў, у тым ліку гасцей – вядомых пульманологаў з Заходняй Еўропы. Дэлегацыю БДМУ прадстаўлялі: заг. 1-й кафедры ўнутраных хвароб прафесар Макарэвіч А.Э., асістэнт гэтай кафедры Аляксейчык Д.С., заг. кафедры фтызіяпульманалогіі Барадзіна Г.Л. і дацэнт кафедры агульнай хірургіі Лемяшэўскі А.І..

У першы дзень працы з’езда на сумеснай сесіі пульманолагаў Польшчы – Украіны – Беларусі выступілі з дакладамі: Макарэвіч А.Э. на тэму: “Дэфіцыт альфа 1-антытрыпсіну, механізмы яго развіцця ў людзей з хранічнай абструктыўнай хваробай (ХАБЛ) і астмай” і Барадзіна Г.Л. – “Лячэнне мукавісцыдозу ў Рэспубліцы Беларусь”. Гэта тэматыка была працягнутая на наступны дзень іншымі вядомымі вучонымі – Дж. Харастоўска, Д.Пар і Т.Вельтэ, якія ў сваіх дакладах дэтальна выклалі аптымізацыю лячэння пацыентаў з ХАБЛ на фоне прыроджанага дэфіцыту альфа 1-антытрыпсіну.

8 мая на ўрачыстым сходзе старшыня таварыства прафесар В. Пехшала падвёў вынікі працы Рэспіраторнага Таварыства за апошнія 3 гады, асвятліў праблемы, якія востра стаяць перад пульманолагамі Польшчы і ўзнагародзіў вядомых урачоў дыпломамі.

Кожны дзень да самога вечара на з’ездзе працавалі секцыі па розных актуальных праблемах пульманалогіі – ад цэнтральнай тэмы ХАБЛ да інтэрстыцыяльных хвароб і раку лёгкіх.

На з’ездзе былі шырока прадстаўлены вядомыя фармакалагічныя фірмы, на стэндах якіх усе, хто жадаў, маглі пазнаёміцца з пералікам новых лекавых сродкаў, што прымяняюцца ў пульманалогіі.

З постэрнымі дакладамі выступілі: асістэнт Аляксейчык Д.С., які прадставіў уласныя даныя аб значнасці маніторынгу ўзроўню халестэролу ў хворых на пазабальнічную пнеўманію, і дацэнт Лемяшэўскі А.І., які пазнаёміў з арыгінальнымі данымі па ультрагукавому абследаванню дадатковых дыхальных мышцаў у пацыентаў-мужчын, якія пакутуюць на ХАБЛ.

У рэдкі вольны час мы здзейснілі экскурсію ў памежны польска-чэшскі горад Цешын, вядомы сваёй гістарычнай спадчынай.

Трэба адзначыць, што ў цэлым наш удзел дазволіў бліжэй пазнаёміцца з методыкай дыягностыкі і лячэння шэрагу частых хвароб органаў дыхання, прынятых у краінах ЕЗ, і параўнаць з іх менеджментам у Рэспубліцы Беларусь.