Ігар Карпаў: Пры заражэнні індыйскім штамам у клінічнай карціне ёсць пэўныя адрозненні
Індыйскі штам COVІD-19 выяўлены ў Мінску. Пра гэта праінфармавала прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
Паведамляецца, што аналіз паслядоўнасцяў віруса SARS-CoV-2, выдзеленых у чэрвені з проб пацыентаў з пацверджаным COVІD-19, паказаў, што ў Мінску дзесяць даследаваных узораў мелі набор мутацый у шыпападобным бялку, што характэрна для індыйскага варыянта. Пры гэтым цыркуляцыя дадзенага варыянта ў іншых рэгіёнах Беларусі не ўстаноўлена.
Нагадаем, што першы вядомы ўзор гэтага варыянта быў упершыню выяўлены ў Індыі восенню мінулага года, і яго поўны геном быў апублікаваны ў міжнароднай базе GІSAІD 7 кастрычніка 2020 года. Вірусолагі тлумачаць, што ўтварэнне новых генетычных ліній SARS-CoV-2 з'яўляецца натуральным працэсам эвалюцыі віруса.
Разам з гэтым яны мяркуюць, што індыйскі варыянт можа больш эфектыўна распаўсюджвацца ў параўнанні з варыянтамі віруса, якія цыркулявалі ў самым пачатку эпідэміі COVІD-19.
Мутацыі ў шыпападобным бялку прыводзяць да таго, што вірус лепш прымацоўваецца да рэцэптараў клеткі і лепш пранікае ў яе. Аднак на дадзены момант няма звестак пра тое, што гэты варыянт выклікае больш сур'ёзнае захворванне.
— Пры заражэнні індыйскім штамам у клінічнай карціне ёсць пэўныя адрозненні. Справа ў тым, што інкубацыйны перыяд некалькі карацейшы, чым прынята цяпер лічыць, — ад двух да дзевяці дзён. Клінічная карціна ў пацыентаў развіваецца хутчэй, а сімптаматыка досыць выяўлена, — расказаў БелТА пра новы для нас штам урач-інфекцыяніст, галоўны пазаштатны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя, доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Ігар Карпаў.
Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на лета, людзі па-ранейшаму хварэюць:
— Хацелася б, каб захваральнасць была ніжэйшай, чым мы зараз рэгіструем. Таму меры індывідуальнай аховы па-ранейшаму актуальныя.
Доктар заклікаў абмежаваць вечарынкі, якія ладзіць моладзь у сувязі з заканчэннем навучальных устаноў, звярнуўшы ўвагу на тое, што хварэюць людзі рознага ўзросту, у тым ліку маладыя. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што вакцына «Спадарожнік V» дае досыць высокія цітры антыцелаў, якія павінны быць эфектыўнымі і пры гэтым штаме каранавіруса. Ва ўсякім разе, гэты тэзіс пацвярджаюць лабараторныя даныя.
Расійскі ўрач-інфекцыяніст Андрэй Пазнякоў у каментарыі РІА «Навіны» адзначае:
— Калі людзі не будуць вакцынавацца, штамы будуць муціраваць кардынальна — аж да таго, што існуючыя прышчэпкі перастануць дзейнічаць. Аднак пакуль яны працуюць. Вірус проста не паспявае муціраваць, калі трапляе ў арганізм з імунітэтам.
У цяперашні час індыйскі штам атрымаў шырокае распаўсюджанне не толькі ў Індыі, але і ў краінах Еўропы, выцесніўшы брытанскі штам. Высокі ўздым захворвання на COVІD-19 у асіі ў чэрвені 2021 года выкліканы таксама гэтым варыянтам, доля якога ў Маскве і Санкт-Пецярбургу складае практычна 90 працэнтаў.
Спецыялісты лічаць, што шырокае распаўсюджванне індыйскага штама ў першую чаргу звязана з невыкананнем мер засцярогі, невялікай колькасцю вакцынаваных асоб, што не дазваляе дасягнуць неабходнага ўзроўню папуляцыйнага імунітэту.
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 23 чэрвеня 2021