Главная Университет Университет в СМИ Праект "Варштат" часопіса "Маладосць" прыязна сустрэлі студэнты-медыкі

Праект “Варштат” часопіса “Маладосць” прыязна сустрэлі студэнты-медыкі

27 лістапада ў вялікай чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта прайшла чарговая, традыцыйная для апошніх дзён восені сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў з рэдакцыяй і аўтарамі часопіса “Маладосць”.

Гэтым разам сярод гасцей прысутнічалі аўтары эксклюзіўных матэрыялаў для праекта “Варштат”, які прысвячаўся 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і праз увесь год, з нумара ў нумар друкаваўся на старонках выдання, прасочваючы шлях ад кнігі Скарыны да плазменнага друку. Паказальна што запрашэнне і тэма сустрэчы сыходзілі са сцен БДМУ: у гэтай навучальнай установе “Маладосць” чытаецца ад першай да апошняй старонкі, іначай не было б чым тлумачыць такую дасведчанасць у тым, што друкуецца ў часопісе, частату і заўсёдную тэматычную накіраванасць запрашэнняў, а таксама цеплыню і масавасць публікі.

Аксана Ючкавіч, Пятро Васючэнка, Уладзімір Кароткі
Аксана Ючкавіч, Пятро Васючэнка, Уладзімір Кароткі

 Выступае Юлія Алейчанка
Выступае Юлія Алейчанка 

Гэтым разам з “Маладосцю” і яе аўтарамі сустрэліся студэнты-першакурснікі, будучыя стаматолагі, якія ў колькасці каля 150 чалавек запоўнілі залу бібліятэкі, каб разам са сваімі выкладчыкамі, метадыстамі, бібліятэкарамі паслухаць, што скажа пра скарбы старажытнай літаратуры дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Уладзімір Кароткі, як распавядзе пра сваю “кніжнасць” загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Пятро Васючэнка, як па-акцёрску, пранікліва і сардэчна будзе чытаць свае вершы пра Францыска Скарыну паэтка Аксана Ючкавіч і якім натхненнем асвеціць прысутных паэтка Юлія Алейчанка.

Сярод выданняў пра Скарыну -- ВАРШТАТ часопіса МАЛАДОСЦЬ
Сярод выданняў пра Скарыну -- ВАРШТАТ часопіса МАЛАДОСЦЬ

 Уладзімір Кароткі
Уладзімір Кароткі

 Трэба яшчэ дадаць, што другую палову сустрэчы ўважліва слухал, стоячы ў пры расчыненых шкляных дзвярах, прадстаўнікі лячэбнага факультэта, якія потым, канечне ж, не маглі не запрасіць “Маладосць” на новую сустрэчу -- да “лячэбнікаў”. Безумоўна, яна неўзабаве адбудзецца.

Аўтар: Святлана Воцінава 
Звязда, 28 лістапада 2017

 

 

 

 Поделитесь