Главная Университет Университет в СМИ У Беларусь — па якасную адукацыю

У Беларусь — па якасную адукацыю

Студэнта 3 курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Мустафу Аль-Дулаймі без перабольшання можна назваць усебакова развітой асобай. Знаходзячыся далёка за межамі роднай краіны, хлопец упэўнена рэалізоўвае сябе ў розных сферах. Акрамя медыцыны, яго прываблівае фатаграфія, прычым не толькі на аматарскім узроўні — малады чалавек супрацоўнічае з беларускімі СМІ. Аднак на першым месцы ў Мустафы Аль-Дулаймі была і застаецца вучоба.



Ён прыехаў у Беларусь з Ірака. На радзіме малады чалавек скончыў хімічны факультэт Багдадскага ўніверсітэта, пасля чаго прыняў рашэнне працягнуць вучобу ў іншай краіне.

— Спачатку хацеў застацца выкладчыкам у сваім універсітэце, але, параіўшыся з бацькам, вырашыў паехаць у Беларусь, — падзяліўся хлопец. — Гэтую краіну рэкамендавалі ўсе сябры сям’і, якія самі вучыліся тут або некаторы час працавалі.

Па словах студэнта, ён хацеў атрымаць якасныя веды, менавіта таму спыніў выбар на Беларусі. Мустафа Аль-Дулаймі прызнаецца, што найбольш цяжкім перыядам яго навучання стаў першы навучальны год, калі паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне БДМУ. Як сцвярджае малады чалавек, гэты перыяд прайшоў надзвычай хутка, бо яму трапіліся добразычлівыя аднакурснікі і пашанцавала з выкладчыкамі.

— Ва ўніверсітэце мне падабаецца мець зносіны з выкладчыкамі, — расказвае Мустафа. — Кожны з нас ведае, што ў любы час можна звярнуцца да іх з пытаннем і тут жа атрымаць адказ. У адносінах нават з самымі патрабавальнымі выкладчыкамі збянтэжанасць знікае, бо ёсць разуменне, што яны для нас старэйшыя таварышы і дарадцы.

Мустафа Аль-Дулаймі выбраў спецыяльнасць “Фармацыя”. Студэнт лічыць, што, будучы фармацэўтам, можна найбольш дзейсна дапамагаць людзям. Ён перакананы: правільна створаныя лекі могуць прынесці пацыенту карысць гэтак жа, як лекі няправільнай вытворчасці — нашкодзіць. Таму ў сваім навучанні хлопец кіруецца жаданнем не толькі авалодаць ведамі, але і імкнецца разабрацца ў іх сутнасці, замацаваць на практыцы.

— Я хачу, каб мае веды і навыкі прыносілі толькі карысць. Буду прыкладаць усе намаганні, каб не проста паспяхова здаваць экзамены, але засвоіць усё, што даюць нам нашы выкладчыкі, — адзначае студэнт-замежнік.

Аўтар: Iрына Iвашка
Настаўніцкая газета, 27 студзеня 2018

 

 Поделитесь