Главная Университет Университет в СМИ Дзень роднай мовы ў БДМУ

Дзень роднай мовы ў БДМУ

23 лютага ў вялікай чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта прайшла чарговая сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў з часопісам “Маладосць”, які гэтым разам запрасіў да шчырай размовы пра творчыя і асабістыя лёсы пісьменнікаў Навума Гальпяровіча і Зіновія Прыгодзіча.

Пісьменнікі, журналісты, рэдактары, яны распавялі пра вытокі сваёй беларушчыны, падзяліліся шчымлівымі ўспамінамі пра малую радзіму і першае, непадзеленае каханне. Атрымалася дакрананне не толькі да літаратуры, але і да іншых тонкіх матэрый, адна з якіх — душа чалавека.

Зіновій Прыгодзіч захапляльна і вельмі “у тэму” прадставіў “Постаці” — трохтомнік запісаных ім размоў з выдатнымі беларусамі, і прапанаваў новыя сустрэчы з удзелам сваіх герояў. Прапанова была прынята з энтузіязмам.

“Урач лечыць цела, а пісьменнік душу”, — сказаў Навум Гальпяровіч падчас свайго выступлення ў зале, напоўненай розумам і прагай пазнання, увасобленымі ў зацікаўленых вачах і прыязных усмешках.

 “Будзе цудоўна, калі разам з дыпломамі выпускнікі-урачы будуць атрымліваць у падарунак нумар літаратурнага часопіса”, — выказала амаль афіцыйную прапанову галоўны рэдактар “Маладосці” Святлана Воцінава, пацвердзіўшы права на спраўджванне мары аб тым, каб, як і раней, “Маладосць” чыталася кожнай адукаванай асобай.

Між іншым, студэнты-медыкі, як паказвае “маладосцеўскі” досвед, — ледзь не самая ўдзячная публіка. Зрэшты, нічога дзіўнага, бо так і павінна быць, і тое, што літаратура і медыцына — рэчы не толькі сумяшчальныя, але сумяшчальныя паспяхова, даказалі ўжо, у прыватнасці, Булгакаў і Чэхаў. Працягваюць гэта даказваць і беларускія літаратары. Прынамсі, наступнага дня, 24 лютага чакаецца новая сустрэча “Маладосці” — ужо ў бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, дзе рэдакцыя падвядзе вынікі паэтычнага конкурса навучэнцаў і ўзнагародзіць лепшых паэтаў-медыкаў дыпломамі Выдавецкага дома “Звязда” і друкаванымі падарункамі.

Звязда, 24 февраля 2017

 

 

 Поделитесь